Фоташпацыр салідарнасці па знакавых месцах Прагі



У сталіцы Чэхіі беларускія актывісты зладзілі фоташпацыр салідарнасці па самых знакавых месцах Прагі.

Яны выступілі за вызваленне супрацоўнікаў фірмы PandaDoc, трымалі ў руках плакаты з партрэтамі чацвярых затрыманых – Юліі Шардыкі, Віктара Куўшынава, Дзмітрыя Рабцэвіча і Уладзіслава Міхалапа, а таксама з лозунгамі «Жыве Панда», тэматычнымі карыкатурамі на Аляксандра Лукашэнку.

– Мы прыйшлі падтрымаць супрацоўнікаў PandaDoc. Гэта наша асноўная задача. Акрамя гэтага шмат жахлівых рэчаў робіцца ў Беларусі, якія адгукаюцца ў нашых сэрцах. Мы ўсё гэта бачым, усё гэта нам баліць. Мы не можам сядзець проста дома. На жаль, зараз мы не можам быць у Беларусі. І такім чынам, прагулкай, нашымі плакатамі, творчай энергіяй, якая ўкладзена ў гэта ўсё, мы спрабуем нешта зрабіць. Не ведаю, можа быць глупа. Але сядзець дома і нічога не рабіць, – гэта таксама глупа. І мы хочам нешта рабіць.

Адзін з удзельнікаў акцыі Віктар Навумаў выказаўся пра тое, што многіх нязгодных зараз проста выштурхоўваюць з краіны.

– Праз апошнія 15 год вялікая колькасць сапраўдных патрыётаў з нашай краіны з’язджала за мяжу. Таму гэта для мяне не з’яўляецца навіной, што людзі выштурхоўваюцца па-за межы краіны. Але зараз таксама трэба разумець, што працэс з большага дэцэнтралізаваны і ён базуецца перш за ўсё на нейкіх агульных вартасцях людзей, якія маюць жаданне іх адстойваць. Права на выбар, права на свабоду выказванняў, права на веравызнанне і таксама права на змены. Няхай гэта будзе мэтамі мірнага пратэсту, але ўсё ж такі сістэма павінна змяняцца.

Супрацоўнікі IT сферы таксама актыўна ўключыліся ў барацьбу за асноўныя свабоды беларусаў, актыўна ўзламываюць сайты дзяржаўных устаноў так званыя кібер-партызаны. Напярэдадні стала вядома, што яны перашкодзілі працы падатковай інспекцыі краіны, спрабуючы такім чынам перашкодзіць паступленне грошай у бюджэт і як вынік далейшаму фінансаванню сілавікоў, якія брутальна разганяюць акцыі пратэсту ў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя