Алесь Дзянісаў: Здзекаваліся, цягалі, ставілі на калені



Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў апынуўся за кратамі ў Ізалятары часовага ўтрымання 11-га жніўня, калі вяртаўся дахаты ад свайго сябра.

Пра тое, як можна выпадкова патрапіць за краты ў Гародні, распавёў наш „Госць Рацыі”:

– Так атрымалася, што мы ехалі з Траблам, гэта былы музыка „Дзецюкоў”. Мы надалей падтрымліваем адносіны. Мы нанялі адваката нашаму басісту Андрэю Пятко „Пітону”, які 9-га чысла быў моцна збіты. У яго паламаная сківіца, у яго гематома ў мозгу. Да яго ўначы прыязджалі прадстаўнікі Следчага камітэта. Мы зразумелі, што гэта магчыма будзе падстава для таго, каб завесці на яго крымінальную справу. Каб неяк паказаць, што гэты чалавек супраціўляўся, што яго не проста так моцна збілі. У прынцыпе нашы падазрэнні пацвердзіліся таму, што як толькі мы звярнуліся да адваката, ён адказаў: „Так, гэта вельмі падобна на 98%, што гэта будзе так”. Плюс да ўсяго гэта пацвердзілася і пазней маімі вушамі і вачыма. На людзей, якія супраціўляліся, але супраціўляліся не ў тым сэнсе, што нападалі на міліцыянтаў, а проста актыўна адбіваліся актыўна, усе яны хутчэй за ўсё ў большасці сваёй пойдуць менавіта па крымінальным артыкуле, а не па адміністрацыйнаму. Гэта я ўжо пачуў, даведаўся, як мне падалося, з размоваў следчых.

РР: Як вас затрымалі?

– Мы раз’ехаліся і я паехаў да сябе дахаты на Касманаўтаў. Самы кароткі мой шлях – гэта была вуліца Чырвонаармейская. На ёй знаходзіцца так званы 11-ы гарадок ці вайсковая частка №11. Калі я ехаў па вуліцы ўздоўж гэтай часткі, бо яна там даволі даўгая, я пабачыў, як дзесьці прыблізна каля 15 чалавек у чорных строях, невядома хто яны, што яны, без апазнавальных нейкіх знакаў, яны чапляліся да жанчыны прыблізна 50-55 гадоў. Я вырашыў прытармазіць і запытацца, што адбываецца. Я нават нічога сказаць не паспеў: „Берём этого, у него неадпись на белорусском. О, смотрите, у него „Погоня” на велосипеде. А ты сволочь”. Далей пайшлі абразы, пачалі лёгка біць рукамі па галаве, па спіне. Зацягнулі на адзін з уваходаў у гэтую частку. Адчынілі браму, жанчыну і мяне туды ўжо цягнулі. Калі мы пайшлі, то яны пачалі руйнаваць мой ровар.

РР: Што рабілі?

– Яны зайшлі ў гэтую частку, адзін з гэтых людзей у чорным некалькі разоў ударыў па заднім коле, сапсаваў сістэму задніх перадач. Потым ужо, калі яны нас зацягнулі і зачынілі браму, там ужо пачаліся здзекі. Над жанчынай я не бачыў, каб здзекаваліся, яна прасіла, каб не білі. Спачатку не білі, але здзекаваліся, цягалі, ставілі на калені, размалявалі твар фламастарамі, увесь час абражалі, перавярнулі ўвесь мой заплечнік. Перад тым, як упакаваць, я атрымаў разы тры ў жывот і адзін вельмі моцны ўдар у пах, потым яшчэ па нырках пару ўдараў было. Збіццё было вельмі лайтовае, адзін самы балючы ўдар быў у пах, дагэтуль у мяне болі. Усе ведаюць, што гэтыя інтымныя месцы вельмі балючыя. Я думаю, што мяне выратавала тое, што гэта жанчына была, гэта быў дзень. Скажам так, разгуляліся на маім ровары. Ён ужо адноўлены, дзякуй Богу, сябры дапамаглі. Ім гэта прыносіла нейкае дзіцячае задавальненне, вельмі па-дзіцячаму размаляванне твару. 

РР: Што было далей?

– Як вядома, у Гародні ў першую чаргу звозяць на Гая, то бок Кастрычніцкі РАУС. Таксама звозяць і ў Ленінскі, звозяць на раённы, таксама адвозяць у нашу гарадзенскую турму. Але ў першую чаргу вязуць туды. Мяне павезлі туды таму, што магчыма мяне затрымалі адным з першых у гэты дзень – гэта было 11 чысло. Прывезлі гэтую жанчыну Вольгу Саламейнік і мяне. Там ужо сядзела некалькі чалавек, то бок таксама першых такіх затрыманых.  Сядзеў, напрыклад, адзін хлопец, які быў з МНС. Зразумела, што з ім будзе далей – згубіць працу, але ён трымаўся вельмі мужна. Даволі доўга афармлялі. Мне пашчасціла не патрапіць у ІЧУ праз дворык, бо пазней пасля 10-ці людзей у гэтым дворыку збівалі. Мяне прывялі да следчых, яны адразу мне сказалі, што я нейкі карэктыроўшчык, што я карэктую пратэстоўцаў, што я адзін са злачынцаў, што на мяне будзе заведзена крымінальная справа. Я паспрабаваў сказаць, што я хачу выклікаць адваката, што ў мяне ёсць знаёмы адвакат, што ў мяне ёсць тэлефон, дайце мне патэлефанаваць. У выніку мне ніхто не даў патэлефанаваць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня