Польшча прапануе “План Маршалла” для Беларусі (абноўлена)



Не ўсе краіны еўрапейскай супольнасці яшчэ маюць адзіную пазіцыю па беларускім пытанні. Гэты факт прызнаў падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік канцылярыі польскага прэм’ера – Міхал Дворчык. Ён выказаўся пасля сённяшняй сустрэчы ў прэм’ера з усімі палітычнымі сіламі, дзе абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. Палітык кажа, што важна вынесці гэтае пытанне на міжнароднае абмеркаванне:

– Гэта, на жаль, факт, што не ўсе краіны Еўразвяза выказваюць такое суперажыванне, як Польшча, краіны Балтыі ці краіны нашага рэгіёну. Таму наша роля, роля ўсіх палітыкаў ёсць падняцце гэтай тэмы, каб яна няспынна прысутнічала зараз на міжнародным форуме.

Міхал Дворчык паведаміў, што сітуацыя ў Беларусі стане таксама адной з галоўных тэмаў міжнародных польска-літоўскіх кансультацый, якія пройдуць 16-17 верасня ў Літве.

* * * 

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сустрэўся з прадстаўнікамі ўсіх парламенцкіх клубаў і згуртаванняў. Сустрэча доўжылася каля трох гадзін, па яе выніках стала вядома, што падчас найбліжэйшага пасяджэння еўрапейскіх лідараў прэм’ер Маравецкі прадставіць ад імя Вышаградскай групы “План Маршалла” для Беларусі, які тычыцца найперш эканамічнай падтрымкі. Кажа ўдзельнік сустрэчы Робэрт Тышкевіч з “Грамадзянскай кааліцыі”, кіраўнік сеймавай групы ў пытанні Беларусі:

– Мусім таксама размаўляць пра падтрымку Беларусі сродкамі еўрапейскімі. І тут супольна з Вышаградскай групай выпрацавалі асновы еўрапейскай праграмы падтрымкі. Знойдзецца ў іх таксама і мажлівасць выкарыстання сродкаў, якія ўключаны ў праграму Усходняга партнёрства.

Адзінае, што прапанаваны план хутчэй за ўсё можа быць рэалізаваны толькі ў тым выпадку, калі ў Беларусі зменіцца ўлада – дадае палітык. Сярод іншага, на сустрэчы абмяркоўвалася таксама пытанне візавай падтрымкі беларусаў, бо Польшча выступае нават за цалкам “бязвізавы рэжым”. Аднак вельмі важным ёсць тое, каб усе краіны Еўразвязу гаварылі ў беларускім пытанні адзіным голасам, пакуль гэтага не адбываецца – працягвае Робэрт Тышкевіч:

– І тут яшчэ ёсць шмат работы для польскай дыпламатыі, для польскай палітыкі. Мы мусім зрабіць шмат працы, перадусім, урад. Але сёння задэкларавалі і ў кааліцыі грамадзянскай, што мы гатовыя, і ў Еўрапарламенце, як частцы Еўрапейскай народнай партыі, і таксама як польскія парламентарыі мы гатовыя ў рамках дыпламатыі парламентарнай пераконваць нашых калег з Еўропы, што мусім стаць сцяной за грамадзянскую супольнасць у Беларусі.  

Вядома, што прэм’ер Матэвуш Маравецкі адзначыў важнасць такіх сустрэч, і што супольнае абмеркаванне “беларускага пытання” будзе адбывацца і надалей. 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Сустрэча ў польскага прэм’ера на тэму Беларусі. А 10-ай гадзіне паводле польскага часу распачалася сустрэча прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага з прадстаўнікамі парламенцкіх клубаў і групаў.

Фота PAP/Leszek Szymański

Прэм’ер прэзентуе актуальнае развіццё сітуацыі ў Беларусі, а таксама прапановы адносна дапамогі беларускаму грамадству і незалежным медыя.

Гэта другая падобная сустрэча, першая адбылася 26 жніўня. Акрамя парламентароў, у размове ўдзельнічаюць таксама кіраўнік Міністэрства абароны Марыюш Блашчак і кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі.

Фота KPRM

Беларускае Радыё Рацыя