Нацбанк працягнуў мараторый на даванне рублёвай ліквіднасці банкам
Нацыянальны банк працягнуў на месяц рашэнне пра прыпыненне пастаянна даступных аперацый, у межах якіх даваў камерцыйным банкам рублёвую ліквіднасць.
„Нацыянальны банк працягвае па 13 кастрычніка 2020 года ўключна тэрмін прыпынення пастаянна даступных аперацый па падтрымцы і канфіскацыі ліквіднасці”, — гаворыцца ў паведамленні цэнтральнага банка.
Рэгуляванне ліквіднасці банкаўскай сістэмы ў названы перыяд будзе ажыццяўляцца ў асноўным шляхам правядзення аўкцыйных аперацый, адзначае Нацбанк.
„Рашэнне аб працягу тэрміну прыпынення пастаянна даступных аперацый да заканчэння чарговага перыяду выканання рэзервовых патрабаванняў скіраванае на замацаванне тэндэнцый па стабілізацыі сітуацыі на фінансавым рынку”, — тлумачыць цэнтральны банк.
Паводле яго звестак, дэфіцыт бягучай рублёвай ліквіднасці банкаўскай сістэмы скараціўся ў параўнанні з узроўнем канца жніўня — пачатку верасня. „Гэтаму спрыялі меры, якія прымае банк, па падтрыманні збалансаванай дынамікі актываў і пасіваў у нацыянальнай валюце, а таксама шэраг іншых фактараў, уключаючы куплю Нацыянальным банкам замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку”, — паведамляе рэгулятар.
Нацыянальны банк прыпыніў даванне банкам рублёвых рэсурсаў у межах пастаянна даступных аперацый падтрымкі ліквіднасці ў трэцяй дэкадзе жніўня. „Апошнім часам на фоне росту дэфіцыту ліквіднасці ў банкаўскай сістэме назіраецца досыць істотны рост крэдытнага партфеля банкаў у беларускіх рублях, што робіць дадатковы націск на ўнутраны валютны рынак”, — растлумачыў рэгулятар сваё рашэнне.
У сувязі з гэтым было прынятае рашэнне аб часовым прыпыненні пастаянна даступных аперацый падтрымкі ліквіднасці з 24 жніўня па 15 верасня, якое 14 верасня пралангаванае да 13 кастрычніка.
Як паведамлялася, у банкаўскай сістэме дэфіцыт рублёвай ліквіднасці паўстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Паводле слоў прадстаўнікоў банкаўскага сектара, пасля выбараў 9 жніўня ў краіне на фоне палітычнага крызісу ўзмацніліся дэвальвацыйныя чаканні і назіраецца павышаны попыт на рублёвыя крэдыты з боку насельніцтва.
„Гэта класічная гісторыя. Калі ў насельніцтва ўзнікаюць дэвальвацыйныя чаканні, фізасобы забіраюць рублёвыя дэпазіты і бяруць рублёвыя крэдыты. І тое, і другое — для таго, каб перайсці ў цвёрдую валюту альбо купіць тавары працяглага карыстання, якія з-за росту валютных курсаў могуць падаражэць”, — растлумачыў БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.
У сувязі з дэфіцытам рублёвай ліквіднасці, які абумоўлены адтокам дэпазітаў і рашэннямі Нацбанка па абмежаванні давання рублёвай ліквіднасці, многія банкі прыпынілі крэдытаванне насельніцтва.
У жніўні аб прыпыненні крэдытавання абвясцілі „БПС-Ашчадбанк”, „Банк БелВЭБ”, „Белінвестбанк”, „Альфа-Банк” (уваходзяць у першую дзесятку банкаў па велічыні актываў). Рашэнне прыпыніць або абмежаваць выдачу крэдытаў насельніцтву прынялі таксама шэраг сярэдніх банкаў („Тэхнабанк”, „БНБ-Банк”, „Франсабанк”).
1 верасня прыпыніў выдачу насельніцтву жыллёвых крэдытаў і адначасова з гэтым з 5 да 15 дзён павялічыў тэрмін разгляду заявак на выдачу спажывецкіх крэдытаў „Беларусбанк”. 8 верасня прыпынілі крэдытаванне насельніцтва „Прыёрбанк” і „Ідэя Банк”.
На думку беларускіх эканамістаў, меры Нацбанка па абмежаванні давання рублёвай ліквіднасці скіраваныя на тое, каб знізіць грашовую прапанову і гэтым аслабіць націск на валютны рынак. У жніўні на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі назіраўся павышаны попыт на СКВ, які пацягнуў зніжэнне курсу беларускага рубля да ўсіх замежных валют на 8%.