Пра тэатр абсурду



Ніколі імідж міліцыі ў Беларусі не быў настолькі адмоўным, як цяпер. І з кожным днём яны робяць усё, каб зрабіць яго яшчэ горш.

Усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна. МДЛУ будуць ахоўваць. Праўда, пакуль такое адчуванне, што ўніверсітэт ахоўваць будуць ад саміх жа студэнтаў. У МДЛУ ўведзены прапускны рэжым, а ахоўваць вышэйшую навучальную ўстанову і забяспечваць там грамадскі парадак будуць супрацоўнікі дэпартаменту ахову МУС. Такое рашэнне прынята пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі жорстка затрымлівалі студэнтаў проста ва ўніверсітэце. І цяпер супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў будуць ахоўваць грамадскі парадак у МДЛУ. Крута. Вы толькі падумайце: супрацоўнікі МУС жорстка затрымалі студэнтаў за тое, што яны спявалі песню з фільма “Адрынутыя”. І супрацоўнікі таго ж самага МУС будуць ахоўваць грамадскі парадак. Што тут сказаць: можа быць, некалькі слоў на замежнай мове міліцыянты вывучаць, хоць нейкая карысць будзе.

А яшчэ Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што пашпарт мітрапаліта Кандрусевіча несапраўдны. Менавіта таму арцыбіскупу і забаранілі ўезд у Беларусь. Вось цікава: як гэта несапраўдны? Гэта не мітрапаліт вяртаўся? Ці яму выдалі несапраўдны пашпарт? Не, пагадзіцеся, цяжка ўявіць, каб мітрапаліт Кандрусевіч узяў і зрабіў сам сабе пашпарт. Напрыклад, не паспяваў памяняць і і падумаў: “Дай сама намалюю”. Наўрад ці так было насамрэч. А тады паўстае лагічнае пытанне, на якое МУС так і не змагло даць адказ: у чым несапраўднасць дакумента? І ўвогуле, калі дакумент несапраўдны, то прычым тут чалавек? А калі пашпарты губляюць на адпачынку? То цяпер гэтых усіх людзей таксама не будзем упускаць у краіну? Карацей, тэатр абсурду з удзелам беларускай міліцыі працягваецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ