Супрацоўніку музея – штраф, а карэспандэнту – суткі
У Пінску суд пакараў дзесяццю базавымі штрафу супрацоўніка Музея Беларускага Палесся Валерыя Кабрынца. Яго абвінавацілі ва ўдзеле 20-га жніўня ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. У мінулую пятніцу міліцыянты забралі Кабрынца з працы і да панядзелка ён знаходзіўся ў ізалятары.
Валерый Кабрынец адразу пасля суда.
“Гэта помста супрацоўніку музея за экскурсію, якую ён зладзіў для прыхільнікаў перамен 30-га жніўня”, – мяркуе спікер пінскіх пратэстоўцаў Вераніка Іванова:
– Бачу ў гэтым непасрэдную сувязь. Мяркую, што гэта чарговая акцыя ціску і запужвання. Каб людзі не казалі ў адкрытую тое, што думаюць, каб не абаранялі і не дапамагалі прыхільнікам перамен. Гэта выключна так. У асабістай размове з людзьмі, якія маюць дачыненне да музея, што ёсць распараджэнне не падаўжаць з ім кантракт у лістападзе.
Наталля Басава, як і Кабрынец, з пятніцы па панядзелак чакала суда ў пінскім ізалятары.
Таксама ў панядзелак па дзесяць базавых штрафу прысудзілі пінчукам: Іллі Куніцкаму і Наталлі Басавай. Сёння пінскі суд пакараў дзесяццю суткамі арышту карэспандэнта рэгіянальнага інтэрнэт-выдання “Медыя-Палессе” Яўгена Нікалаевіча.
Беларускае Радыё Рацыя