У Віцебску аштрафавалі лекарку Ганну Гайдаш – за пратэст супраць гвалту



На акцыі салідарнасці 30-га жніўня і 6-га верасня лекарка віцебскага анкалагічнага дыспансера Ганна Гайдаш выйшла з плакатам “Звальняючы, выкрадаючы  лекараў, задумайся: хто будзе цябе лячыць?”  За гэта на яе завялі дзве адміністрацыйныя справы і асудзілі ў судзе Чыгуначнага раёну: суддзя Святлана Варатынская пастанавіла аштрафаваць дзяўчыну на 3 базавыя велічыні (81 рубель).

Ганна Гайдаш кажа, што выражала салідарнасць з беларускімі медыкамі, якія пратэстуюць супраць міліцэйскага гвалту, і што пераканана ў слушнасці свайго ўчынку:

– Я проста лекарка, і я супраць гвалту, як, напэўна, і кожны медык. Бо я лічу, што лекары павінны спачуваць людзям, павінны мець эмпатыю. А калі ў цябе няма гэтых якасцяў, то ты, пэўна, не туды збочыў… Лекары заўжды павінны быць супраць гвалту, не магу больш нічога тут сказаць!

Падтрымаць Ганну Гайдаш у судзе прайшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта і калегі, і тыя, хто бачыў яе на акцыях салідарнасці. І яна сама, і прысутныя на працэсе ўсцешаны адносна мяккім прысудам. Хаця ўсе перакананыя, што судзіць лекарку ў прынцыпе не было за што: свабоду выказванняў грамадзянам Беларусі гарантуе Канстытуцыя. Аднак у судах лічаць інакш: у судзе Кастрычніцкага раёну сёння ж за ўдзел у тых самых акцыях 30-га жніўня і 6-га верасня жыхара Віцебска Дзмітрыя Бугаёва аштрафавалі на 13 базавых велічынь (351 рубель) . Такую пастанову прыняў суддзя Ілля Белавус, які ўжо не першы раз прысуджае вялікія штрафы віцебскім актывістам і проста неабыякавым людзям.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск