У Бярозе і Белаазёрску затрымліваюць людзей і трымаюць у ІЧУ да суда
Ахоўнікі рэжыму Бярозы і Белаазёрска працягваюць паляванне на грамадзян. Фабрыкуюць справы, хапаюць людзей на вуліцы, на працы і садзяць на суткі ў ізалятар часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС абсалютна без неабходнасці да суда за несанкцыянаваныя масавыя мірныя мерапрыемствы.
Адной з такіх ахвяр аказалася 58-гадовая жыхарка Белаазёрска Людміла Пятроўская. Яе затрымалі і завезлі на суткі ў Бярозаўскі ізалятар часовага ўтрымання, кажа спадарыня Людміла:
– Гэта я лічу беззаконнем. Больш таго, калі я яшчэ была ў Белаазёрску, супрацоўнікі міліцыі набралі тэлефон адваката і паставілі на гучную сувязь. Адвакат сказала канкрэтна, каб выканаць мае законныя правы, мяне трэба адпусціць, а потым проста выклікаць павесткай. Я гэта пачула. І яны гэта чулі. Тым не менш арыштавалі.
Толькі апошнім часам схапілі і змясцілі ў ізалятар на вуліцы Леніна ў Бярозе 34-гадовага Вадзіма Пашкевіча. Пару дзён таму цяжка хворага на сэрца жыхара Белаазёрска Генадзя Брыча. Адразу пасля судовага працэсу прама ў вестыбюлі Бярозаўскага суда быў схоплены міліцыянтамі і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання інвалід 3 групы з Белаазёрска Сяргей Калінкевіч.
Дарэчы, суддзя Дзмітрый Кавалевіч пакараў Людмілу Пятроўскую штрафам у 10 базавых велічынь.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя