Ці пісаны закон для паломнікаў?



Традыцыйна ў верасні адзначаецца габрэйскі Новы год, і дзеля гэтага свята тысячы хасідаў-паломнікаў едуць у невялікае мястэчка Умань, якое знаходзіцца ў Чаркаскай вобласці ва Украіне. Але гэты год асаблівы. Зараз усе дзяржавы свету прымаюць меры для прадухілення распаўсюджвання пандэміі, і згодна ўкраінскага заканадаўства, да 28 верасня ўезд замежнікаў на тэрыторыю Украіны забаронены, таму паломнікам прасцей трапіць ва Украіну з Беларусі. 

Чым цікавая Умань для хасідаў? Менавіта там знаходзіцца магіла цадзіка Нахмана, наведванне якой для іх ёсць вельмі важным, і менавіта падчас святкавання Новага года Рош ха-Шана. Па значэнні гэта параўнальна як наведванне мусульманамі Мекі.

Міністэрства замежных справаў Украіны звярнулася да ўлады Беларусі з хадайніцтвам не здзяйсняць афармлення на выезд ва Украіну паломнікаў. Украінскі бок узмацніў ахову на мяжы, каб не дапусціць яе нелегальнага перасячэння, але „прэзідэнт” Лукашэнка даручыў свайму ўраду дамовіцца з Украінай аб прадстаўленні зялёнага калідора для хасідаў і паабяцаў забяспечыць іх транспартам у абодва бакі. Разам з ім да Прэзідэнта Украіны звярнуліся і ўлады Ізраіля з просьбай прапусціць паломнікаў, якія ў дадзены момант затрымаліся на мяжы з Беларуссю. Натуральна, з улікам усіх абмежаванняў і поўным выкананнем усіх санітарных норм. На сённяшні дзень у адным з пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы часова абмежаваны рух транспарту і грамадзян. Паломнікі фактычна знаходзяцца на праезнай частцы, што не дазваляе свабодна перасоўвацца аўтамабілям і аўтобусам, і можа несці пагрозу жыццю людзей. 

Цывілізаваны дэмакратычны свет вучыць нас быць талерантнымі адзін да аднаго, гэта, прынамсі, тычыцца і свабоды веравызнання, але ў дадзеным выпадку і ў гэтых умовах свабода адных не павінна дамінаваць над законамі чужой дзяржавы, каб не перасягнуць грань паміж свабодай і самаўпраўнасцю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ