Вёска. Восень. Газеты…



Пах яблыкаў і восеньскага дыму. Вёска. Прыцемкі… Лета літаральна прамільгнула.

Шэрай гадзінай добра разгарнуць газету і пасядзець ля печкі, ля жывога агню, нават калі ты як прасунуты вясковец маеш газ… Тым болей, газ да пачатку ацяпляльнага сезону – дарагое задавальненне, шаноўнае спадарства! Дык вось, пра газеты!

Завітвае мясцовы паштальён, і ты яе расстройваеш нежаданнем працягваць падпіску на дзяржаўную газету “Звязда”, якую твая сям’я выпісвала год 20 па адной простай прычыне – шмат харошых культурніцкіх матэрыялаў на роднай мове. Штодзень. Было. Зашмат абыякавасці і хлусні. Стала. Ты выпісваеш “Новы час” – адзінае прыстойнае выданне, якое яшчэ можна знайсці ў падпісным каталогу “Белпошты”. А што ж “Камсамолка”? “Народная воля”? “Свободные новости плюс”? Яшчэ нядаўна іх можна было атрымаць па падпісцы.

“Ох, што вы! Пасля выбараў іх перасталі атрымліваць нават тыя, хто ўжо падпісаўся!” І грошы назад не аддалі. Паштальён не можа адказаць абураным падпісчыкам – чаму? Просіць звяртацца да начальства. І расчараваная не менш за іх, бо любая падпіска – плюс для паштальёна і яго сціплага заробку… А табе застаецца разгарнуць “Звязду” (падпіска ж да кастрычніка!) і кінуць вокам – што там? Такі сабе маніторынг дзяржаўнай прапаганды на беларускай мове. Штодзень… Не, штодзень гэта рабіць немагчыма: шкодзіць страваванню! Бы тыя “савецкія газеты” доктара Прэабражэнскага… Толькі зрэдку, шаноўныя, толькі зрэдку…

Спрабуем! “Цытата дня” ў “Звяздзе”. Першая старонка. Алег Макараў, дырэктар беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (аказваецца, ёсць і такая ўстанова!): “Турбулентнасць, якая адбываецца цяпер у Беларусі, – гэта часовая сітуацыя, якая ніяк не адлюстроўваецца ні на геаграфічным становішчы, ні на транзітных магчымасцях, ні на экспарце Беларусі, ні на яе адносінах са сваімі асноўнымі партнёрамі”. Пагадзіцца можна хіба з тым, што зямля не перакуліся з-за жадання некаторых палітыкаў. Усё астатняе гучыць як мантра: “В Багдаде всё спокойно”. Усё добра. У нас усё добра. У нас усё будзе добра. Каго хочам пераканаць і супакоіць? Яшчэ адна цытата з першай старонкі пра тое, што варта рабіць стаўку на інтэлект, “лагічна” выглядае пасля затрымання многіх беларускіх інтэлектуалаў і дазволу біць жанчын. Прэвентыўна. У нашых шыротах праваахоўныя органы назвалі гэта самаабаронай. Кропка. Пра што далей казаць?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ