Эпідэмія COVID-19 у Івацэвіцкай калоніі №5 ідзе на спад



Сітуацыя з захворваннем каронавірусам у Івацэвіцкай калоніі №5 строгага рэжыму, што ў Берасцейскай вобласці, стабілізавалася.

Раней там захварэла каля 40 зняволеных, прыкладна ў 400 чалавек былі кантакты першага ўзроўню, 6 лакальных участкаў былі зачынены на каранцін. З калоніі амаль кожны дзень вывозілі ў адну з бальніцаў у Баранавічаў хворых з ускладненнямі. Па дадзеных дырэктара сацыяльна-інфармацыйнай установы „Тайм Акт” Алега Міхея, зараз сітуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль.

– Па апошніх звестках эпідэмія пайшла на спад. Новых хворых не было. Усе ходзяць у масках. За тое, што здымаюць маскі – парушэнне, пакаранне. Кажуць, эпідэмія ідзе на спад. Тэмпературу мераюць не кожны дзень і не ўсім. Дасць Бог, што ўсё будзе добра.

Па дадзеных Алега Міхея, смяротных выпадкаў ад каронавірусу ў Івацэвіцкай калоніі не было. Але ўлады хаваюць любую інфармацыю з месцаў зняволення, у тым ліку звязаную з абстаноўкай з захворваннямі каронавірусам, таму з поўнай упэўненасцю казаць аб гэтым нельга. 

Беларускае Радыё Рацыя