Ігар Комлік: У Беларусі ўзмацняецца ціск на актыўных працоўных
У Беларусі ўзмацняецца ціск на актыўных працоўных на шэрагу прадпрыемстваў, – кажа каардынатар прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці па Менску і Менскай вобласці Ігар Комлік.
Па яго словах, супрацоўнікі міліцыі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі проста не вылазяць з прадпрыемстваў. Яны працуюць разам з намеснікамі дырэктара прадпрыемстваў па ідэалогіі, вылічваюць найбольш актыўных працоўных і прымушаюць іх падпісваць розныя паперы аб абавязках не ўдзельнічаць у страйках, масавых мерапрыемствах.
– Яны аказваюць ціск, каб людзі не станавіліся членамі незалежных прафсаюзаў. Пужаюць тым, што яны, калі выходзяць з афіцыйных прафсаюзаў і ўступаюць у незалежныя прафсаюзы, то будуць пазбаўляцца прэмій праз калектыўныя дамовы. Гэта, зразумела, з’яўляецца незаконным.
Тым больш, Беларусь ратыфікавала Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 87 і 98, у якіх забаронена дыскрымінацыя працоўных па іх прыналежнасці да таго ці іншага прафсаюзу, а таксама не дапускаецца ўмяшанне адміністрацыі прадпрыемстваў у дзейнасць прафсаюзаў, – падкрэсліў Ігар Комлік. Такія незаконныя дзеянні, па яго дадзеных, адбываюцца на шмат якіх прадпрыемствах Менску – на трактарным, аўтамабільным, маторных заводах, заводзе колавых цягачоў. „Мы папярэджваем людзей, якія гэтым займаюцца, аб грубым парушэнні законаў і адказнасці за гэта”, – кажа Ігар Комлік.
Беларускае Радыё Рацыя