Алесь Астроўскі: Беларусь заўважылі на міжнароднай арэне



Беларусам, якія ўдзельнічаюць у мірных акцыях пратэсту, варта ўтрымлівацца ад спакусы сілавога супрацьстаяння з АМАПам. Бо цяпер жорсткасць, якая не прапарцыйна ўжываецца сілавікамі, выклікае справядлівы гнеў, як ва ўдзельнікаў, так і аналітыкаў з-за мяжы – думку пра патрэбу іншай фазы – сілавой.

Аналіз беларускай пратэставай сітуацыі гаворыць пра іншае. Мяркуе прафесар Алесь Астроўскі з Гародні:

– Казаць, што абсалютна сітуацыя бесперспектыўная – немагчыма. Відаць, у нашага народа пакуль застаецца адзіны варыянт – гэта пратэставаць у тых мірных гандзійскіх формах, якія выкарыстоўваюцца і да гэтага часу. Дакладна ведаць мэты, чаму мы так робім, супраць чаго мы пратэстуем і падстаўляемся і спадзявацца, што ў бліжэйшыя месяцы адбудуцца нейкія, магчыма, змены, якія істотна зменяць увесь грамадска-палітычны расклад унутры Беларусі.

Паводле Алеся Астроўскага, нават у такіх драматычных падзеях, якія адбываюцца на вуліцах беларускіх гарадоў, народ мае вялікія дасягненні, цэлы шэраг іх:

– Самае вялікае дасягненне, што Беларусь заўважылі на міжнароднай арэне. Пра Беларусь кажа ўся Еўропа, пра Беларусь кажа Расея. Расейскія дэмакраты проста ў захапленні беларускімі падзеямі. Своеасаблівая псіхічная ломка адбываецца ў людзей, таму што за 25 гадоў ніхто не ўзгадваў пра Беларусь, а тым больш беларускі народ. А раптам тут такі выбух – больш месяца ідзе такое маштабнае, зацятае змаганне беларусаў і ў такіх прыгожых, мірных формах, што ў шматлікіх сківіцы адвіслі, як кажуць.

Яшчэ дасягненні народа ў час пратэстаў – эвалюцыя сімволікі змагання, якая стала нацыянальнай. Сваімі паводзінамі беларусы паказалі еўрапейскі цывілізацыйны выбар, у той час, як прыхільнікі рэжыму – азіяцкі, уласцівы традыцыйнаму грамадству.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя