У Гомелі суд апраўдаў інваліда па слыху, які, паводле версіі міліцыі, „выкрыкваў лозунгі”



Суддзя Мікалай Крупадзёраў (суд Чыгуначнага раёна Гомеля) на пасяджэнні 16 верасня апраўдаў 23-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра, якога 12 жніўня схапіў і збіў АМАП. Пасля на яго быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Аляксандр — інвалід па слыху, ён не чуе і амаль не размаўляе, мае зносіны на мове жэстаў. У пратаколе міліцыя напісала, што малады чалавек браў актыўны ўдзел у мітынгу, выкрыкваў лозунгі.

„Ён нідзе не ўдзельнічаў. Ехаў з працы, потым быў у сяброў у інтэрнаце і вяртаўся бліжэй да 23.00 дадому, з перасадкай у цэнтры горада. Саша чакаў аўтобус на прыпынку „Універмаг „Гомель”. Прыехаў патрэбны аўтобус, і тут жа — аўтазак. Саша стаў заходзіць у аўтобус, яго адцягнулі амапаўцы і кінулі ў аўтазак”, — паведаміла БелаПАН маці затрыманага.

Паводле яе слоў, сын пастаянна паказваў супрацоўнікам АМАП, што ён глуханямы, у яго слыхавы апарат, але ў адказ атрымліваў удары дубінкамі. „Білі па нагах, руках, па нырках, па сківіцы. У РАУС усіх паклалі на падлогу, нельга было пераварочвацца, паварочваць галаву, таму што пачыналі біць. Я знайшла яго ў міліцыі ўначы, ледзь угаварыла, каб яго выпусцілі. Мне сказалі, што яго зараз дапытваюць, але як яго могуць дапытваць без перакладчыка? Я тлумачыла ў міліцыі, што яго нельга біць, бо ён можа страціць астатні слых і астатні зрок, у яго сэрца хворае!” — сказала маці пацярпелага.

Паводле яе слоў, перад ёй „хуткая” забірала з РАУС хлопца, які „ледзь ішоў і хрыпеў”. Са скаргай на дзеянні сілавікоў яна не звярталася.

У Жлобіне 16 верасня суд апраўдаў за ўдзел у акцыях Яўгена Мазалова. Жыхара райцэнтра Васіля Лобуса суд арыштаваў на 10 сутак за ўдзел у акцыях пратэсту. У Гомелі арыштам на 10 сутак былі пакараныя Валерый Рэпнін, Анатоль Паплаўны і Ала Раманчык. Напярэдадні 10 сутак арышту атрымала журналістка Марына Драбышэўская. Яна працавала на акцыях як журналіст, міліцыя расцаніла гэта як удзел у акцыях.

19 чэрвеня ў Гомелі АМАП схапіў двух глуханямых братоў — Віталя і Андрэя Больбухаў. Жорсткае затрыманне трапіла ў аб’ектывы камер журналістаў. Пазней міністр унутраных спраў даў загад начальніку гомельскага УУС папрасіць прабачэння перад інвалідамі, што і было зроблена 25 чэрвеня.

belapan.by