Футбалісты берасцейскага „Дынама” не выйшлі ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты берасцейскага „Дынама” не здолелі прабіцца ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. У матчы трэцяга кваліфікацыйнага раўнду чэмпіёны Беларусі ў Тэль-Авіве саступілі ізраільскаму „Макабі” з лікам 0:1. У першым кваліфікацыйным раўндзе чэмпіёнскай Лігі берасцейцы разграмілі на сваім полі казахстанскую „Астану” з Нур-Султана – 6:3, а затым таксама дома адолелі лепшую каманду Босніі і Герцагавіны „Сараева” з лікам 2:1. У барацьбе за выхад у групавы этап чэмпіёнскай Лігі „Макабі” двойчы сустрэнецца з аўстрыйскім „Зальцбургам”. Берасцейскае „Дынама” будзе гуляць у матчах за выхад у групавы этап другога па рангу кантынентальнага турніру – Лігі Еўропы.

„Мяшкоў Брэст” перамог „Вардар” на старце гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” паспяхова стартавалі ў новым сезоне Лігі чэмпіёнаў. У паядынку першага тура папярэдняй групы А чэмпіёны Беларусі на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” адолелі паўночнамакедонскі „Вардар” са Скоп’е з лікам 24:22. У першым тайме мяшкоўцы валодалі ініцыятывай і сышлі на перапынак з перавагай у два мяча – 12:10. У другой палове гульні госці некалькі разоў выходзілі наперад, але ў выніку берасцейцы ўсё ж дамагліся перамогі. У другім туры „Мяшкоў Брэст” 23 верасня згуляе ў гасцях з партугальскім „Порту”

Салігорскі „Шахцёр” выйграў золата чэмпіянату Беларусі па валейболе

Салігорскі „Шахцёр” выйграў золата чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд. Каманда Віктара Бекшы абыграла менскі „Будаўнік” з лікам 3:0. У складзе зараз ужо чатырохразовых чэмпіёнаў Беларусі самымі выніковымі гульцамі сталі Уладзіслаў Бабкевіч, які зарабіў 18 пунктаў, а таксама Андрэй Марчанка, на рахунку якога 14 ачкоў. Уваход для заўзятараў на трыбуны „Чыжоўка-Арэны” падчас матчаў вырашальнай стадыі турніру быў неабмежаваны. Таксама вялася прамая трансляцыя з месца падзей. Для барацьбы з распаўсюджваннем каронавіруса арганізатары прасілі аматараў валейбола апранаць маскі.

Вікторыя Азаранка абыграла Вінус Уільямс

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка паспяхова стартавала на турніры катэгорыі Premier 5 у Рыме з прызавым фондам 1,7 мільёна еўра. У 1/32 фіналу адзіночнага разраду спаборніцтваў у італьянскай сталіцы беларуска, якая займае цяпер 14-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла амерыканку Вінус Уільямс, у якой 70-я пазіцыя – 7:6 (9: 7), 6:2. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 3 хвіліны. У другім раўндзе Вікторыя Азаранка сустрэнецца з прадстаўніцай ЗША, пятай ракеткай планеты Сафіяй Кенін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя