Сяргей Высоцкі: Расейскі ціск на беларускую незалежнасць узмацняецца
Пакуль аншлюсу Беларусі ў склад Расеі не адбылося – галоўнае ў бягучых справах краіны, мяркуе Сяргей Высоцкі, кіраўнік Беларускай партыі Свабоды-Самаабароны.
Але наступ расейскіх імперскіх сілаў на знішчэнне беларускай дзяржаўнасці ідзе па ўсіх сектарах: вайсковых, эканамічных, медыйных і нават працы з апанентамі Лукашэнкі. У гэтай сувязі прыезд Сяргея Шайгі, міністра абароны Расейскай Федэрацыі, у Менск паказвае, што сусед не хоча згубіць шанец уплыву на рэжым Лукашэнкі.
Сяргей Высоцкі:
– Тыя ж самыя вайсковыя вучэнні, пра якія рапартуюць беларускія кіраўнікі, маўляў, так, будзем браць удзел. Усё ў гэтым рэчышчы. Стаяць пытанні і пра так званыя холдынгі, ішла гаворка ў эканамічным сектары. Сумесныя прадпрыемствы з прыцягненнем расейскіх грошай. І трэці момант. Жудасныя заявы асяроддзя Аляксандра Лукашэнкі. Іх не было яшчэ два дні назад.
„Заявы Давыдзькі, Дзерманта, Лушча на пралукашэнкаўскіх медыях паказваюць, што вектар прывязкі Беларусі да Расеі застаецца небяспечным,” – кажа Сяргей Высоцкі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя
