Экспарт беларускай электраэнергіі за сем месяцаў знізіўся больш чым удвая



У ліпені Беларусь экспартавала ў суседнія краіны 17 млн 760,4 тыс. кілават-гадзін электраэнергіі на 957,8 тыс. даляраў, сведчаць абноўленыя дадзеныя на сайце інтэрактыўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

 

Асноўная доля экспарту — 17 млн 364,6 тыс. кВт•гадз на 934,7 тыс. даляраў — прыйшлася на Літву. Праз тэрыторыю гэтай дзяржавы электрычнасць з Беларусі наўпрост паступае на найбуйнейшы электраэнергетычны рынак Паўночнай Еўропы і краін Балтыі — біржу Nord Pool.

У Латвію і ва Украіну беларуская электраэнергія паступала ў рэжыме некамерцыйных паставак — 153,3 тыс. кВт•гадз на 11,7 тыс. даляраў і 242,5 тыс. кВт•гадз на 11,4 тыс. даляраў адпаведна.

Варта адзначыць, што аб’ём імпарту ў ліпені практычна зраўняўся з аб’ёмам экспарту — у Беларусь з-за мяжы было пастаўлена 14 млн 732,7 тыс. кВт•гадз на 538,2 тыс. даляраў. У асноўным электраэнергія паступала з Украіны (12 млн 187,6 тыс. кВт•гадз на 436,7 тыс. даляраў), у значна меншай ступені — з Расеі (2 млн 545,1 тыс. кВт•гадз на 101, 5 тыс. даляраў).

У цэлым за сем месяцаў 2020 года Беларусь экспартавала 451 млн 74,6 тыс. кВт•гадз электраэнергіі на 22 млн 896,1 тыс. даляраў. Для параўнання: за той жа перыяд 2019-га ў суседнія краіны было пастаўлена 1 млрд 19,1241 млн кВт•гадз беларускай электрычнасці на 53 млн 68,6 тыс. даляраў.

Такім чынам, экспарт электраэнергіі з Беларусі за сем месяцаў 2020 года знізіўся на 55,74% у параўнанні з тым жа перыядам 2019-га.

На прэс-канферэнцыі 7 жніўня міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас заявіў, што з моманту энергетычнага пуску Беларускай АЭС гандаль электраэнергіяй паміж Літвой і Беларуссю спыніцца. На сустрэчы з „палітычным актывам краіны” 16 верасня Аляксандр Лукашэнка анансаваў энергетычны пуск БелАЭС 7 лістапада.

Улады Украіны таксама заяўлялі аб неабходнасці абмежаваць імпарт электрычнасці з Беларусі, каб дапамагчы сваім вытворцам, перш за ўсё шахцёрам. З пачатку года Украіна планамерна зніжала аб’ёмы паставак электрычнасці з Беларусі, а з мая па жнівень уключна, паводле дадзеных „Укрэнерга”, не закупляла яе зусім.

Беларусь жа, наадварот, чакае росту попыту на сваю электраэнергію ва Украіне. 25 лютага Міністэрства энергетыкі ўхваліла канцэпцыю развіцця электрагенеруючых магутнасцяў і электрычных сетак на перыяд да 2030 года, згодна з якой прагназуецца павелічэнне экспарту электраэнергіі ў сувязі з тым, што пасля сінхранізацыі энергасістэмы Украіны з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E) цана на электрычнасць у гэтай краіне вырасце.

Пакуль сітуацыя выглядае інакш. Пры адсутнасці камерцыйнага экспарту ва Украіну ў канцы ліпеня Беларусь упершыню за некалькі гадоў аднавіла імпарт электраэнергіі. У прэс-службе Мінэнерга Беларусі, каментуючы гэтую падзею, заявілі, што „гаворка ідзе аб узаемавыгадным супрацоўніцтве на парытэтнай аснове, калі пры тэхнічнай магчымасці і эканамічнай мэтазгоднасці ажыццяўляюцца ўзаемавыгадныя пастаўкі электраэнергіі ў рамках энергасістэм дзвюх краін”.

belapan.by