Святлана Ціханоўская паведаміла, што рыхтуецца „спіс Тарайкоўскага”
Каманда Святланы Ціханоўскай заявіла, што рыхтуе „спіс Тарайкоўскага”, куды ўвойдуць асобы, што маюць дачыненне да катаванняў, незаконных арыштаў і здзекаў з затрыманых.
Святлана Ціханоўская, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, сказала:
«Нам перадалі імёны і прозвішчы тых, хто катуе і збівае людзей. Таму мы рыхтуем асобны спіс чыноўнікаў і сілавікоў, якія ўдзельнічалі і працягваюць удзельнічаць у міліцэйскай самаўпраўнасці. Мы назвалі яго „спісам Тарайкоўскага”. Аляксандр Тарайкоўскі стаў першай ахвярай міліцэйскага самавольства.
У санкцыйны спіс увойдуць асобы, якія маюць дачыненне да катаванняў, незаконных арыштаў і здзекаў з затрыманых.
Для ідэнтыфікацыі вінаватых мы актыўна працуем з праваабаронцамі і праектам „Чорная кніга Беларусі”. Мы перададзім гэты спіс у Украіну, Турцыю, Расею, краіны Еўрасаюза і ЗША. Спіс будзе апублікаваны, і будзе пастаянна пашырацца.
Я прапаную сілавікам спыніць гвалт і перайсці на бок беларускага народа. У адваротным выпадку вам не пазбегнуць справядлівага суда і пакарання».