Дзясяткі параненых і збітых пасля падзеяў 09-12 жніўня застаюцца ў лякарнях



Некалькі дзясяткаў чалавек з цяжкімі і сярэдняй цяжкасці раненнямі пасля падзеяў 09-12 жніўня дагэтуль застаюцца ў лякарнях на Берасцейшчыне. Ім неабходная сур’ёзная медыцынская і псіхалагічная дапамога, большасць з іх — не прымалі ўдзел у мірных акцыях, гэта былі выпадковыя мінакі, — адзначыла жонка праваабаронцы „Вясны” Маргарыта Вялічкіна:

– Асабіста я суправаджала свайго мужа-праваабаронца да адной дзяўчыны, якая ляжыць ужо месяц. Яе яшчэ 10 жніўня выпадкова падстрэлілі з маладым чалавекам. У маладога чалавека тры раненні па касой. А ёй трапілі ў сцягно. І гэтая куля, гумовая гарачая, разарвала ўсё. У яе там цэлая яма. Яна ўжо месяц лечыцца. Ледзь ходзіць. Мы завозілі ёй кастылі.

Маргарыта Вялічкіна звярнула ўвагу, што ні яна, ні лекары раней у мірны час не сутыкаліся з такімі выпадкамі. „На ўсё гэта вельмі жахліва глядзець,” — падагульніла грамадская дзяячка.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце