Беларусь і Расея дамовіліся пра спыненне гандлёвых войнаў



Беларусь і Расея дамовіліся пра ўзаемную адмену гандлёвых бар’ераў. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў у час выступу перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў:

– Падымалася пытанне пра неабходнасць сінхранізаваць дзеянні з нашымі калегамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, зводзячы да мінімуму так званыя гандлёвыя войны – такая праца таксама вядзецца. З урадам Расейскай Федэрацыі мы распрацавалі план мерапрыемстваў па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прадугледжваецца зняццё абмежаванняў па доступу на рынкі абедзвюх краін па шырокаму спектру тавараў. Вызначаны механізм узаемадзеяння ў вобласці адзінай прамысловай палітыкі, фінансавай сферы.

У пачатку сакавіка гэтыя прапановы плануецца разгледзець на Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы, сказаў Кабякоў.

Прыгадаем, што ўжо некалькі месяцаў расейскае ведамства па кантролі за сельскагаспадарчай прадукцыяй выстаўляе прэтэнзіі да якасці беларускай мясной і малочнай прадукцыі. Цэлыя партыі тавараў вяртаюцца назад у Беларусь.

belapan.by