Пінчук Ігар Салавей – прызнаны палітычным вязнем
Грамадскі актывіст з Пінску Ігар Салавей – прызнаны палітычным вязнем. Яго затрымалі 3 верасня і выставілі абвінавачванні па артыкуле “масавыя беспарадкі” (ч.2 арт.293 КК) за ўдзел у акцыі пратэсту ўноч з 9-га на 10-е жніўня каля Пінскага гарадскога выканкама.
Сябра “Руху “За Свабоду”, праваабаронца Алесь Рамановіч адзначыў, што Салавей – вядомая асоба ў грамадска-палітычным жыцці Піншчыны:
– З Ігарам я знаёмы з шостага года. Ён актыўна ў палітыцы пачаў дзейнічаць яшчэ раней чым я. Калісьці проста разносіў улёткі, а ён тады ўжо ўзначальваў “Малады фронт”. Затым стаў сябрам “Руху “За Свабоду”. Ён адсядзеў некалькі раз. У сямнаццатым годзе ён таксама сядзеў за акцыі недармаедаў. У шостым годзе ён быў у Менску на плошчы. Актыўны дзеяч.
Акрамя Ігара Салаўя, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ шасцярых пінчукоў, гэта: Раман Багнавец, Данііл Богнат, Станіслаў Міхайлаў, Вячаслаў Рагашчук, Алег Рубец і Артур Халімончык. Усяго ў Беларусі на сённяшні дзень у спісе палітычных вязняў ужо сем дзясяткаў чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя