Мужчына, які спрабаваў спаліць сябе на ганку Смалявіцкага РАУС, у вельмі цяжкім стане
Мужчыну, які 18 верасня здзейсніў спробу самаспалення на ганку Смалявіцкага РАУС, даставілі ў лякарню, паведаміла БелаПАН прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
«Пацыент знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Яму надаюць усю магчымую дапамогу», – адзначыла яна.
Падрабязнасці таго, што здарылася, і асобу мужчыны ў Міністэрстве аховы здароўя не паведамляюць, спаслаўшыся на забарону сваякоў пацярпелага.
Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што мужчына, які спрабаваў падпаліць сябе, – 36-гадовы мясцовы жыхар, які «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртовых напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду».
«Некалькі дзён таму мужчына званіў у міліцыю з паведамленнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыццём. Праваахоўнікі выехалі туды і перадухілілі яго дзеянні», – гаворыцца ў паведамленні прэс-сакратаркі МУС.
Таксама МУС апублікавала відэа здарэння.
Следчы камітэт у сваю чаргу сцвярджае, што мужчына нібыта праходзіў лячэнне ў сувязі са схільнасцю да суіцыду яшчэ ў 2016 годзе (у паведамленні МУС пра гэта не згадваецца).
Каля паўгадзіны таму ў тэлеграм-каналах з’явілася відэа, на якім у Смалявічах ля ўваходу ў будынак мясцовага РАУС мужчына здзейсьніў самаспаленне. У каментарах пішуць, што зрабіў ён гэта на знак пратэсту супраць дзеянняў сілавікоў.
Пакуль невядомыя прычыны, якая падштурхнулі яго на такі крок.
У Смалявіцкім РАУС Свабодзе адмовіліся пацвердзіць або абвергнуць гэтыя звесткі, накіраваўшы ў прэс-службу МУС.
Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава спачатку таксама адмовілася нешта сказаць, заявіўшы Свабодзе, што «інфармацыя зʼявіцца ў тэлеграм-канале», калі ў ведамстве палічаць гэта патрэбным. Тэлеграм-канал Nexta апублікаваў відэа інцыдэнту.