Рада ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялог з апазіцыяй



Рада правоў чалавека ААН, якая месціцца ў Жэневе, заклікала ўлады Беларусі пачаць дыялог з Каардынацыйнай радай апазіцыі. Пра гэта паведамляецца ў рэзалюцыі, прынятай 18 верасня па прапанове Нямеччыны ад імя Еўразвязу ў выніку дыскусіі пра сітуацыю ў Беларусі. За рэзалюцыю прагаласавалі 23 краіны, супраць – 2, устрымаліся – 22.

Рада заклапочаная парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку катаваннямі зняволеных і «актамі адвольнага пазбаўлення жыцця». У рэзалюцыі таксама адзначана, што ў Беларусі абмежаваны доступ да шэрагу сайтаў СМІ, пазбаўленыя акрэдытацыі журналісты замежных СМІ, блакуецца доступ да інтэрнэту.

РПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, чальцоў страйкавых камітэтаў, студэнтаў і затрыманых перад, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Рада «заклікае ўлады Беларусі ўступіць у дыялог з палітычнай апазіцыяй, у тым ліку з Каардынацыйнай радай і грамадзянскай супольнасцю, каб гарантаваць павагу заканадаўства аб правах чалавека, у тым ліку грамадзянскія і палітычныя правы», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Беларускае Радыё Рацыя