У Менску з’явілася графіці ў памяць пра зніклых



На будынку менскай лазні №3 і побач з ёй з’явіліся графіці ў памяць Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Сёлета споўніўся 21 год з таго дня, як палітык і бізнесовец былі выкрадзеныя тут, на вуліцы Фабрычнай. Сёлетнія падзеі ў Беларусі падштурхнулі невядомых мемарыялізаваць месца знікнення.

Распавядае наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– Незвычайнае супрацьстаянне разгарнулася на сталічнай вуліцы Фабрычнай. Увечары 16 верасня невядомыя асобы выканалі графіці на сцяне лазні з тэкстам: «На гэтым месцы былі скрадзены і пасля забіты Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Віктар Ганчар і грамадзянін Анатоль Красоўскі. Не забудзем, не даруем». Таксама ля надпісу былі размешчаны партрэты Ганчара і Красоўскага, выстаўлены з тузін знічоў, жывыя кветкі і стужкі.

18 верасня зранку выявілася, што стыхійнае месца ўжо «добраўпарадкавана» камунальнымі службамі: надпіс замаляваны, усе атрыбуты зніклі. Аднак удзень насупраць замаляванай сцяны і таго самага трагічнага месца зноў узнік надпіс: «Не забудзем, не даруем» і выявы зніклых людзей.

Знікненне былога старшыні ЦВК Ганчара і бізнесмена Красоўскага ацэньваецца экспертамі як па-за судовая расправа паводле палітычных матываў. Папярэднія звароты грамадскасці аб правядзенні росшукаў вынікаў не далі. А ў сучасных варунках з легальных сродкаў адстойвання памяці зніклых людзей застаецца толькі вулічнае мастацтва.

Беларускае Радыё Рацыя