Марцін Пшыдач: Лукашэнка гатовы размаўляць толькі з Пуціным



Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач правёў інтэрнэт-канферэнцыю, якая адбылася ў амбасадзе Польшчы ў Менску.

Па яго словах, відавочна, што зараз Беларусь знаходзіцца ў палітычным і эканамічным крызісе. Гэта вельмі важны для Польшчы сусед. І мы б хацелі, каб Беларусь была стабільнай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай. І таму мы заўсёды будзем падтрымліваць на гэтым шляху, у пабудове незалежнай і стабільнай Беларусі, краіны, у якой улады размаўляюць са сваім народам, – падкрэсліў Марцін Пшыдач:

– Толькі ў такой сітуацыі краіна можа называцца стабільнай, калі ёсць прамы кантакт паміж грамадствам і ўладай. Я думаю, што зараз дыялогу ўнутры Беларусі не хапае. Спадар Лукашэнка не гатовы размаўляць са сваім народам і таксама не гатовы размаўляць са сваім суседам.

Мы шмат разоў спрабавалі арганізаваць такі дыялог паміж Варшавай і Менскам, паміж Брусэлем і Менскам, паміж Еўразвязам і Менскам і гэтак далей. Але ні адна спроба не атрымалася. Лукашэнка гатовы размаўляць толькі з Пуціным. Хаця яшчэ год таму казаў, што не супраць нармалізацыі адносінаў з заходнімі суседзямі, таму што не хоча кожны год у снежні стаяць на каленях перад Пуціным і прасіць таго аб дапамозе:

– Але зараз праз свае палітычныя справы стаіць на каленях перад Уладзімірам Пуціным, просіць яго дапамогі.

Спадар Пуцін таксама гатовы падтрымліваць Лукашэнка, але, на маю думку, часова.

І ніхто не ведае, які кошт прыйдзецца плаціць за гэтую падтрымку з боку Крамля. Але, мабыць, плаціць будзе не толькі сам Лукашэнка, расплачвацца будзе ўся краіна часткай свайго суверэнітэту, – не выключае Марцін Пшыдач.

Беларускае Радыё Рацыя