Касцёл у Ліпску прайшоў частку рэканструкцыйных работ



Cвятыня ў стылі неаготыкі патрабавала неабходнага рамонту драўляных фрагментаў алтароў. Менавіта ў адным з іх знаходзіцца цудадзейная ікона Маці Божай Базыльянкі з былой уніяцкай царквы. Гэта сімвал значнай уніяцкай абшчыны на гэтай тэрыторыі.

Дзякуючы сабраным грошам, удалося здзейсніць першы этап рэстаўрацыі каштоўнасці, адзначыў пробашч парафіі ксёндз Вальдэмар Савіцкі:

– Нам удалося знайсці крыху грошай, каля 160 тысяч, большую частку якіх выдаткавалі на значныя рэчы. Але гэта не значыць, што не засталося іншай працы. Увогуле дрэва ў касцёле пашкоджана, і трэба яго ратаваць. Пачалі мы з Базыльянкі ад Найсвяцейшага сэрца Езуса, бо Базыльянка – гэта каралева нашай зямлі. Калі б не яна нам дапамагала, то хто?

Гісторыя Базыльанкі сягае ў XV стагоддзе, калі на ліпавых дошках невядомы жывапісец намаляваў выяву Божай Маці з дзіцяткам на руках. Карціна была прывезена ў рэгіён Ліпска зборам сродкаў з базыльянскага ордэна. Тут яна праславілася сваімі цудамі і па сёння прыцягвае паломнікаў з усёй Еўропы.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя