Завяршыўся першы конкурсны дзень 39-га Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі «Гайнаўка»
Завяршыўся першы конкурсны дзень 39-га Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі «Гайнаўка» ў Беластоку.
У ім бралі ўдзел не ўсе заяўленыя калектывы. У другім дні праслухоўванняў таксама чакаюцца змены, бо некаторыя хоры ў апошні момант адмаўляцца ад паездкі.
Кажа дырэктар фестывалю Мікалай Бушка:
– Не прыехаў да нас хор з Венгрыі, таму што харысты пахварэлі проста і не прыедуць да нас два хоры з Латвіі, дзе таксама падобная сітуацыя. Дарэчы, і хоры з суседніх краін баяцца прыязджаць, дзе захворванне крыху меншае, чым у Польшчы. Мы гэта разумеем, бо самае важнае – гэта здароўе ўсіх.
Сёлетнія канкурсанты, якія ўсё ж такі выступілі ў фестывалі, расказваюць, што рыхтавацца да конкурсу было складана.
Кажуць дырыжор хору «Bel Canto» з Ольштына Ян Палавянюк і кіраўнік ансамбля «Esperimento» з Беластока Барбара Карнацкая:
– Паўгода не было рэпетыцый, не было магчымасці з-за пандэміі іх рабіць.
– Мы прынялі такую сярэднюю праграму. Было пяць рэпетыцый. Калісьці некаторыя творы мы ўжо выконвалі, нават некаторыя не вучыліся ад пачатку, а былі вывучаныя за тры тыдні.
– Выступленне на гэтым фестывалі даволі прэстыжнае, і мы вельмі задаволеныя, што ўдзельнічаем у ім.
Другі дзень конкурсных праслухоўванняў 39-га Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі «Гайнаўка» у Беластоку пачнецца а 15.00 ў Падляшскай Оперы і Філармоніі па вуліцы Падлесьнай.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя