Гародня: жорсткія затрыманні падчас „Маршу справядлівасці”
Каля 17.30 некалькі дзясяткаў чалавек зноў сабралася каля кінатэатру „Кастрычнік”. Сюды прыгналі міліцэйскія аўтобусы. Людзей затрымлівалі. Паводле папярэдніх звестак у гэты дзень у Гародні затрымалі больш ста чалавек.
У акцыі ў Гародні прынялі ўдзел каля тысячы жыхароў. Акцыя працягвалася каля 20 хвілін. Што адбывалася напрыканцы акцыі распавядае наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:
– У Гародні падчас акцыі было затрымана больш за сотню чалавек. Таксама паляванні працягваліся каля 40 хвілін пасля акцыі. Міліцыянты проста хадзілі па дварах, выхоплівалі людзей. Садзілі іх не толькі ў міліцэйскія бусы, аўтазакі, а і ў цывільныя машыны.
Стала вядома, што затрыманы прафесар гісторыі Алесь Смалянчук.
* * *
У Гародні прайшлі затрыманні ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі. Паведамляе наш карэспандэнт:
– На вуліцы Вялікая Траецкая каля пяці аўтазакаў. З іх выскачылі міліцыянты і пачалі хапаць людзей у аўтазакі і бусікі. Людзям не даюць праехаць праз цэнтр Гародні. Бусы цёмна-сіняга колеру прыпыняюцца каля кожнага чалавека. Людзей забіралі, клалі на зямлю. Зараз проста гоняць іх АМАПаўцы і міліцыянты на стаянку, якая на Вялікай Траецкай.
* * *
У Гародні людзі выйшлі на штонядзельную акцыю салідарнасці, нягледзячы на запалохванні міліцыі і спецтэхніку, сцягнутую ў цэнтр горада. Людзі скандуюць: „Верым, можам, пераможам!”, „Гародня, выходзь!”, „Гэта наш горад!”.
Пратэстоўцы выйшлі на праезную частку Вялікай Траецкай вуліцы і перакрылі рух.
У пачатку Савецкай вуліцы ім перакрыў дарогу АМАП у шлемах.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча