Беларускія спартоўцы прынялі ўдзел у менскай акцыі пратэсту
Беларускія спартоўцы напярэдадні прынялі ўдзел у пратэстнай акцыі ў Менску. Група атлетаў з расцяжкай „Народ – чэмпіён!” прайшла па цэнтральных вуліцах сталіцы.
Сярод іх зоркі беларускага баскетбола Ягор Мешчаракоў і Алена Леўчанка, валейбалісты на чале з Артурам Удрысам, кікбаксёр Іван Ганін, футбаліст Васіль Хамутоўскі, лёгкаатлетка Надзея Астапчук і многія іншыя. Раней 10 беларускіх атлетаў абвясцілі аб стварэнні Свабоднага аб’яднання спартоўцаў краіны.
БАТЭ перамог футбалістаў „Слуцка”
Барысаўскі БАТЭ cвяткаваў валявую перамогу над „Слуцкам” з лікам 3:1 у гасцявым матчы 24-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Ягор Сямёнаў на 24-й хвіліне вывеў гаспадароў наперад, але потым адрозніваліся толькі барысаўчане. Галявы дубль аформіў Максім Скавыш, а яшчэ адзін мяч забіў Ягор Філіпенка. Футбалісты „Іслачы” святкавалі шостую перамогу запар. Яны перамаглі менскае „Дынама” з лікам 2:1. У заключным паядынку гэтага тура мазырская „Славія” прымала „Шахцёр” і абыграла салігорцаў 1:0. Перамогу мазыранам прынёс Іслам Тлупаў, які вызначыўся на 81-й хвіліне гульні.
Баскетбалісткі „Гарызонта” і „БДУ-Цмокi” выйшлі ў фінал Кубка Беларусі
Баскетбалісткі „Гарызонта” і „БДУ-Цмокi” прабіліся ў фінал 24-га розыгрышу Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. У першым паўфінале на пляцоўцы сталічнага спорткомплексу РГУОР спартоўкі „Гарызонта” перамаглі дзеючых чэмпіёнак і ўладальніц Кубка краіны баскетбалістак „Цмокi-Мiнск” з лікам 79:50. У другім паядынку за выхад у фінал „БДУ-Цмокi” адолелі фіналіста мінулага кубкавага турніру гарадзенскую „Алімпію” з перавагай у два ачкі — 72:70. У вырашальным паядынку мінулага кубкавага турніру „Цмокі-Мінск” упэўнена перайгралі „Алімпію” – 73:51, а ў барацьбе за 3-е месца баскетбалісткі „Гарызонта” разграмілі суперніц з „Гомеля” з лікам 83:41.
ХК „Мінск” перамог СДЮШАР ХК „Мінск” у першым туры чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд
У першым туры другога гульнявога дня чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд сезона 2020-2021 сустракаліся хакеісткі ХК „Мінск” і СДЮШАР ХК „Мінск”. Сустрэча завяршылася ўпэўненай перамогай ХК „Мінск” з лікам 14:0.
«Ліверпуль» абыграў «Чэлсі»
У матчы 2-га тура АПЛ «Чэлсі» саступіў «Ліверпулю». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Стэмфард Брыдж» у Лондане і завяршылася з лікам 2:0 на карысць гасцей. Абаронца «Чэлсі» Андрэас Крыстэнсэн быў выдалены на 45-й хвіліне матчу. Непадалёк ад штрафной ён сарваў прарыў Манэ да брамы, заваліўшы яго на газон. Рэферы спачатку паказаў абаронцу «Чэлсі» жоўтую картку, спасылаючыся, мабыць, на тое, што Кепа мог першым апынуцца на мячы, але пасля прагляду паўтору адмяніў сваё рашэнне і дастаў з кішэні чырвоную картку. Першы мяч на 50-й хвіліне забіў Садзіа Манэ. Махамед Салах і Раберта Фірміна разыгралі сценачку, затым бразілец мякка навесіў у цэнтр штрафной, адкуль Манэ галавой адправіў мяч у сетку. На 54-й хвіліне сустрэчы Кепа атрымаў перадачу, але памыліўся ў перадачы – Манэ перахапіў мяч і закаціў яго ў пустую браму. На 75-й хвіліне галкіпер «Ліверпуля» Алісан Бекер адбіў 11-метровы ўдар у другім тайме матчу з «Чэлсі». Цьяга Алькантара заваліў Ціма Вернэра ў штрафной, суддзя прызначыў пенальці. І Жаржыньё ўдарам з «кропкі» не змог перайграць Бекера. «Ліверпуль» у двух матчах новага сезона набраў 6 ачкоў, «Чэлсі» – 3. Таксама трэба адзначыць буйную перамогу «Тотэнхэма» у гасцях у «Саўтгэмптана» з лікам 5:2. Покер на рахунку карэйскага форварда Сонь Хын Міна.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Наша Ніва