Завершыўся 39 Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка”



Завершыўся 39 Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка” у Беластоку. Гэты фестываль запомніцца гледачам ды арганізатарам сваёй сціпласцю.

Эпідэмічная сітуацыя абумовіла абмежаванне колькасці гледачоў. З тае ж прычыны лічба ўдзельнікаў таксама аказалася надзвычай малой. Толькі 6 харавых калектываў усё ж прыехала і выступіла на сцэне. Кажа арганізатар фестываля Мікалай Бушка:

– Вельмі шкада, што не змаглі да нас прыехаць выдатныя хоры, якія мы запрашалі і якія вельмі-вельмі хацелі. І некаторыя да апошняй хвіліны мелі надзею, што прыедуць. Складаныя ўмовы, але мы хацелі запрэзентаваць нашай публіцы крыху нармальнасці і стварыць магчымасць мастакам, артыстам, якія таксама вельмі прагнулі і прагнуць выступіць перад публікай – гэта ж іх жыццё. Гэта ў многіх выпадках іх прафесія, іх заўзятасць.

Лаўрэатамі фестывалю, здабыўцамі першых месцаў сталі:

ў катэгорыі “парафіяльныя хоры”:

Хор Успенскай царквы ў Варшаве пад кіраўніцтвам Міхала Страшэўскага,

у катэгорыі “аматарскія свецкія хоры”:

Ольштынскі хор “Бель Канта” пад кіраўніцтвам Яна Палавянюка,

у катэгорыі “прафесіянальныя хоры”:

Камерны хор “Святы Іаан Кукузель – Анелагласнік” з Сафіі (Балгарыя) пад кіраўніцтвам Крысціяна Папова.

Дырыжоры ўсіх 6 хораў-удзельнікаў былі адзначаныя спецыяльнымі ўзнагародамі. Спецыяльную ўзнагароду атрымала і Нектарыя Каранджы з Грэціі. Жаночы хор, якім кіруе Нектарыя, не змог прыехаць на фестываль з прычыны эпідэміі, таму спявачка прыехала з сольнай праграмай.

Кажа лаўрэат фестывалю і здабыўца спецыяльнай прэміі дырыжор Ян Палавянюк:

– Калі ў 96-м годзе паехалі на свой першы фестываль – гэта быў фестываль царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы. І мы занялі першае месца. Гэта было неспадзявана, але вельмі прыемна для нас. Ну і цяпер зноў першае месца. Думаю, што тут трэба сказаць праўду. Тое, што дзеецца зараз на Беларусі, прывяло да таго, што не было гэтых самых моцных хораў беларускіх. І нам, польскім хорам, было лягчэй.

Выканаўцы сцвярджаюць, што нягледзячы на складаныя ўмовы правядзення, 39-ы Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка” у Беластоку усё ж адбыўся, хоць пры такой малой колькасці канкурсантаў ідэя конкурса сёлета адышла на другі план. Затое фестываль стаў сапраўдным святам царкоўнай музыкі для выканаўцаў і гледачоў. І гэта самае важнае, падкрэслілі ўдзельнікі фестывалю.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток