Старыя дрэвы і моцныя людзі
Нарадзіць сына, пабудаваць дом, пасадзіць дрэва – “праграма” мінімум і максімум для многіх людзей. Паразмаўляем пра дрэвы. Старыя дрэвы шляхецкіх сядзібаў маглі б быць фішкай нашай краіны! Не лёс.
І ўсё ж ёсць тое, што не паспелі спілаваць. І ёсць людзі, якім ёсць справа да старых дрэваў. У прыватнасці, існуе такая цікавая прафесія як арбарыст – дрэвавод, спецыяліст па абслугоўванні дрэваў, па догляду за імі як за жывымі арганізмамі. Арбарыст – той чалавек, які лекуе дрэвы, своеасаблівы доктар для дрэваў, дрэвавы хірург. Як правіла, арбарыст мае вышэйшую адукацыю і падрыхтоўку прамысловага альпініста. Не баіцца вышыні. Карацей, прафесія неардынарная. Рэдкая. У Беларусі каля 50 такіх спецыялістаў.
Даведацца пра арбарыстаў давялося “дзякуючы” арышту ў вядомым ужо “Дворыку пераменаў” жыхара гэта ж дворыка Сцяпана Латыпава. Сцяпан Латыпаў мае жалезныя нервы і не раз спакойна і ветліва прасіў невядомых у масках (міліцыя, бандыты?) прадставіцца. Невядомыя людзі ў масках і балаклавах, якіх стала вельмі шмат на вуліцах Менска, асабліва ў сталічных дварах, нервы маюць не такія моцныя. Арыштавалі з прымяненнем сілы.
Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Пасля гэтага спецыялісты зусім не рэдкай прафесіі ўзламалі дзверы ў кватэру, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы. Усё як мае быць. Класіка жанру.
Жыццё працягваецца. Сцяпан Латыпаў на Акрэсціна. Суседзі перадалі перадачу. Адвакаты пад падпіскай пра неразгалошванне. Распачата крымінальная справа… А справа ж яшчэ ў тым, што распачынаецца другая хваля кавід-19. Хворых штодзень будзе дадавацца. Прамысловы альпініст і арбарыст Сцяпан Латыпаў у першую хвалю кавіда бясплатна апрацоўваў паліклінікі і шпіталі сталіцы дэзінфектарамі. Ён за кратамі. Як і многія айцішнікі ды юрысты, што валанцёрылі і збіралі грошы на дэзінфектары, антысэптыкі, сродкі абароны для медыкаў… Няўжо цяпер гэтым будуць займацца спецыялісты іншых прафесій са слабымі нервамі?