Жазэп Барэль: Мы ўражаныя мужнасцю беларускага народа
Беларусь займае важнае месца ў парадку дня сённяшняй сустрэчы Савета міністраў замежных спраў ЕЗ. Аб гэтым заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, размаўляючы з журналістамі 21 верасня перад пачаткам пасяджэння савета.
Трансляцыя гутаркі вялася на сайце Савета ЕЗ.
„Я шкадую, што сітуацыя працягвае пагаршацца і рэпрэсіі па-ранейшаму прымяняюцца ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, — сказаў Барэль. — Сёння мы абмяркуем, як падтрымаць беларускі народ і як перагледзець нашы адносіны з урадам Беларусі ў сітуацыі, калі мы не прызнаем Лукашэнку законным прэзідэнтам Беларусі”.
Ён паведаміў, што перад пачаткам пасяджэння савета міністры замежных спраў краін ЕЗ сустрэліся з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай. „Яна распавяла нам аб апошніх падзеях у Беларусі. Мы сапраўды ўражаныя мужнасцю беларускага народа, асабліва беларускіх жанчын, якія дэманструюць, што такое лідарства”, — сказаў Барэль.
Ён адзначыў, што ЕЗ працягвае выступаць за „інклюзіўны нацыянальны дыялог у Беларусі і права беларускага народа на свабодныя і справядлівыя выбары”. Барэль падкрэсліў, што гэта нельга разглядаць як умяшанне ва ўнутраныя справы краіны, таму што дэмакратыя і правы чалавека ляжаць у аснове тых пратэстаў, якія працягваюцца ў Беларусі.
Фота: anfrussian.com