Шахцёра-страйкоўца Алега Кудзёлку павезлі ў псіханеўралагічны дыспансер



 Сілавікі затрымалі шахцёраў „Беларуськалія”, якія прыйшлі падтрымаць свайго калегу Алега Кудзёлку. Сёння пасля начной змены ён адмовіўся выходзіць на паверхню ў знак пратэсту супраць рэпрэсій у дачыненні да страйкавага камітэта прадпрыемства, затрыманняў, збіванняў і катаванняў мірных грамадзян, фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Як паведаміў БелаПАН сведка, каля 20 чалавек прыйшлі да чацвёртага рудаўпраўлення ААТ „Беларуськалій”. „Рабочыя стаялі ў падтрымку шахцёра, які не падняўся на паверхню. Пад’ехалі бусы. Спачатку міліцыянеры размаўлялі, потым праз пэўны час з бусаў выскачыў АМАП і ўпакаваў усіх, хто там быў. Іх павезлі. Хутчэй за ўсё, у РАУС”, — распавёў сведка, якому ўдалося пазбегнуць затрымання.

Паводле яго слоў, Алега Кудзёлку паднялі на паверхню і на хуткай дапамозе ў суправаджэнні невядомых людзей павезлі ў псіханеўралагічны дыспансер.

Пасля таго, што адбылося, страйкам „Беларуськалія” напісаў у сваім тэлеграм-канале: „Што будзе заўтра? Дубінкамі будуць гнаць у забой? Пачакаем яшчэ трохі? Такім чынам, нам, рабочым, улады заявілі адкрытым тэкстам: вам нельга збірацца нідзе, ні ў горадзе, ні на прампляцоўках. Толькі працаваць і не падымаць галаву! Ці тая гэта ўлада, якая нам патрэбная? Ці яе нам трэба карміць сваёю працаю?”— гаворыцца ў паведамленні страйкаму.

Як паведамлялася, жонка Кудзелкі сёння перадала ў страйкам яго адкрыты ліст на імя гендырэктара прадпрыемства Івана Галаватага. Кудзёлка, які вучыўся разам з Галаватым у Санкт-Пецярбургскім горным універсітэце, крытыкуе кіраўніцтва прадпрыемства за канфлікты з незалежным прафсаюзам, „адкаты” за кантракты і кадравую палітыку. Шахцёр патрабаваў адстаўкі гендырэктара ААТ „Беларуськалій”, вызвалення ўсіх зняволеных страйкамаўцаў прадпрыемства, спынення націску на членаў страйкама і іх сем’і, скасавання пастановы аб звальненні страйкоўцаў „Беларуськалія”, спынення бязмежжа сілавікоў, а таксама запалохвання, затрымання і збіцця мірных грамадзян.

У страйкаме „Беларуськалія” адзначаюць „беспрэцэдэнтны націск” на ўдзельнікаў страйку. Так, з канца жніўня суды вынеслі рашэнні пра штрафы і арышты па артыкуле 23.34 КоАП у дачыненні да членаў страйкаму Анатоля Бокуна, Уладзіміра Шылы, Дзяніса Тарасевіча, Мікалая Лявончыка, Мікалая Зіміна, Сяргея Казелькі, Пятра Печкурова.

Рашэнне пра страйк было прынятае шахцёрамі 17 жніўня на сходзе страйкавага камітэта „Беларуськалія”. Там жа былі зацверджаныя патрабаванні страйкоўцаў: прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі, прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынствы супраць народа і фальсіфікацыю выбараў, вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, не дапусціць прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння ў дачыненні да ўдзельнікаў забастоўкі.

Пракурор Менскай вобласці Сяргей Хмарук накіраваў у суд іск аб прызнанні страйку незаконным. 11 верасня Менскі абласны суд у асобе суддзі Валянціны Караткевіч задаволіў іск пракурора, прызнаў страйк шахцёраў „Беларуськалія” незаконным, бо рашэнне аб яго правядзенні было прынятае з парушэннем патрабаванняў Працоўнага кодэкса.

Фота: t.me/stachkom