Нацбанк можа атрымаць права прымяняць эканамічныя санкцыі да банкаў



Нацыянальны банк можа атрымаць права прымяняць меры эканамічнага ўздзеяння да банкаў у выглядзе спагнання грашовых сродкаў у рэспубліканскі бюджэт. Такая норма ўтрымліваецца ў законапраекце аб унясенні змяненняў у законы па пытаннях банкаўскай дзейнасці, які падрыхтаваў Нацбанк.

Так, пры выяўленні парушэнняў, а таксама дзеянняў (бяздзейнасці) банка, якія прывялі да пагроз яго бяспечнага функцыянавання, Нацбанк можа спагнаць у рэспубліканскі бюджэт грашовыя сродкі да аднаго працэнта ад памеру нарматыўнага капіталу камерцыйнага банка.

На думку рэгулятара, магчымасць прымянення „мер эканамічнага ўздзеяння” дазволіць паэтапна рабіць больш жорсткімі меры нагляднага рэагавання ў выпадку бяздзейнасці ўласнікаў банкаў і стымуляваць іх „да правядзення належнай працы па ўрэгуляванні выяўленых парушэнняў”.

У прыватнасці да парушэнняў, за якія Нацбанк можа ўвесці названыя санкцыі, адносяцца факты ажыццяўлення аперацый, звязаных „з атрыманнем і (або) легалізацыяй даходаў, атрыманых злачынным шляхам”.

„Наданне Нацыянальнаму банку права ўжываць меру эканамічнага ўздзеяння дазволіць паэтапна рабіць больш жорсткімі меры нагляднага рэагавання ў выпадку бяздзейнасці банка (яго ўласнікаў) і стымуляваць яго (іх) да правядзення належнай працы па ўрэгуляванні выяўленых парушэнняў і (або) недахопаў”, — гаворыцца ў абгрунтаванні да законапраекта.

У ліпені гэтага года Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў рэгулятара за тое, што цэнтральны банк не змог прадухіліць і выявіць парушэнні, выяўленыя ў рамках „справы „Белгазпрамбанка” (менеджмент якога абвінавачваецца ў арганізацыі „супрацьпраўнай дзейнасці”, звязанай з легалізацыяй даходаў, атрыманых злачынным шляхам).

„Гэтая сітуацыя павінна стаць урокам для абноўленага кіраўніцтва Нацбанка. Штат у вашай структуры немалы, але, на жаль, нагляд праваліўся, не спрацаваўшы на апярэджанне. Думаю, што вы зробіце адпаведныя высновы, прытым імгненныя”, — заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з членамі праўлення Нацбанка.

belapan.by