Кавалькова ў Еўрапарламенце: У Беларусі нараджаецца сапраўдная еўрапейская нацыя



У Беларусі нараджаецца сапраўдная еўрапейская нацыя, заявіла член прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова 21 верасня, выступаючы на пасяджэнні камісіі Еўрапарламента па замежных справах.

„На жаль, дзейны рэжым закрыў для вас мяжу, і вы не можаце трапіць у Беларусь, каб убачыць і адчуць, што ў нас адбываецца, — адзначыла яна. — Але я магу сказаць, што ў Беларусі нараджаецца сапраўдная еўрапейская нацыя. Гэта нацыя грамадзян, якія бяруць адказнасць за лёс і будучыню сваёй краіны. Сёння тысячы, сотні тысяч беларусаў становяцца лідарамі перамен, супрацьстаяць гвалту і беззаконню з боку рэжыму Лукашэнкі. Арышты лідараў супраціву не могуць спыніць працэс перамен у нашай краіне проста таму, што на змену кінутым у турмы прыходзяць новыя лідары. Адказнасць грамадзян за сваю краіну з’яўляецца асноўнай для ўстойлівых і надзейных дэмакратычных пераўтварэнняў”.

Кавалькова падкрэсліла, што ў рэжыму „няма шанцу вярнуць краіну ў спячку”. „Гэтыя перамены не спыніць ні расстрэламі людзей на вуліцах, ні арыштамі, ні штрафамі і запалохваннем. У спробе ўтрымаць уладу Лукашэнка раз за разам пераходзіць межы чалавечнасці і спрабуе растаптаць чалавечую годнасць, — сказала яна. — Учора ў Гродне бандыты ў масках сілай зацягнулі ў аўтазак жанчыну на восьмым месяцы цяжарнасці. І гэта не адзінкавы выпадак такой жорсткасці. Улады дайшлі да таго, што пагражаюць адбіраць дзяцей у тых, хто змагаецца за перамены ў нашай краіне. Цяжка ўявіць, што такое магчымае ў Еўропе ў XXI стагоддзі, як і выправаджэнне з краіны палітычных апанентаў”.

Член прэзідыума КР нагадала, што яе саму беларускія ўлады спачатку арыштавалі, а потым сілком вывезлі з краіны. „І цяпер я хачу скарыстацца магчымасцю, каб папрасіць вас падтрымаць тых, хто сёння знаходзіцца ў турмах ва ўмовах, якія можна прыраўнаваць да катаванняў. Гэта Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Таццяна Канеўская і дзясяткі іншых беларусаў, якія на падставе ілжывых абвінавачанняў сталі закладнікамі рэжыму. І гэтыя нормы сталі магчымыя толькі з-за рэжыму Лукашэнкі”, — падкрэсліла яна.

„Але гэты бесчалавечны рэжым ужо даўно стаў бы гісторыяй, калі б ён не атрымліваў падтрымку звонку, — працягнула Кавалькова. — Для еўрапейцаў паслужлівыя дыпламаты падавалі Лукашэнку ў якасці адзінага гаранта незалежнай Беларусі. Але менавіта Лукашэнка падпісаў саюзную дамову, уцягнуў Беларусь у вайсковы блок з Расіяй, знішчаў беларускую культуру, мову і адукацыю, арыштоўваў і кідаў у турмы патрыётаў Беларусі”.

З іншага боку, адзначыла Кавалькова, доўгі час Лукашэнка палохаў кіраўніцтва Расіі міфічнай пагрозай з боку Захаду. „За гэта рэжым атрымліваў крэдыты, дыпламатычную, інфармацыйную і іншую падтрымку, — сказала яна. — Ён і цяпер спрабуе гэта зрабіць, але, па ўсёй бачнасці, Лукашэнка ўжо значна надакучыў Крамлю. Мы чуем, што кіраўніцтва Расіі падштурхоўвае былога прэзідэнта Беларусі да канстытуцыйнай рэформы. Але беларускі народ ужо зрабіў свой выбар. І гэты выбар не на карысць Лукашэнкі. Святлана Ціханоўская з’яўляецца абраным лідарам беларускага народа. Яна і Каардынацыйная рада неаднаразова казалі, што гатовыя да дыялогу з былым прэзідэнтам аб мірнай перадачы ўлады, але кожны раз Лукашэнка адказваў дубінкамі, арыштамі і крымінальнымі справамі”.

Член прэзідыума КР упэўненая, што канстытуцыйная рэформа пры Лукашэнку немагчымая. „Для яе правядзення былы прэзідэнт павінен пайсці ў адстаўку, — сказала яна. — Лукашэнка проста не здольны да дыялогу са сваім народам. І ён гэта дэманструе на працягу ўсяго перыяду свайго кіравання. На гэтых выхадных сотні тысяч мірных дэманстрантаў чарговым разам выйшлі на вуліцы гарадоў. І замест дыялогу Лукашэнка зноў іх збіваў, затрымліваў і арыштоўваў. Але прымусіць беларускі народ маўчаць і падпарадкавацца ён ужо не ў стане”.

Паводле слоў Кавальковай, ніхто цяпер не можа сказаць, калі абрынецца рэжым Лукашэнкі. „Але ўсе ведаюць, што ён абавязкова абрынецца, — падкрэсліла яна. — Супраць былога прэзідэнта паўстаў увесь народ Беларусі. Цяпер нават у вертыкалі і сярод сілавікоў ідуць размовы, многія ўжо звольніліся або плануюць звольніцца. Лукашэнка вымушаны расходаваць апошнія бюджэтныя сродкі на канцэрты для чыноўнікаў і зарплаты для сілавікоў. Але гэтыя сродкі хутка скончацца, а разам з імі і лаяльнасць апошняй апоры былога прэзідэнта — сілавікоў”.

Член прэзідыума КР таксама адзначыла, што просіць сёння за „тых людзей, хто застаўся і працягвае барацьбу” ў Беларусі. „У першую чаргу дапамога неабходная менавіта ім, — падкрэсліла яна. — Мы просім вас успомніць палажэнні Будапешцкага мемарандума і патрабаваць дыялогу паміж беларускім грамадствам і былым прэзідэнтам пры пасрэдніцтве ЕС, ЗША і Расіі. У выпадку забеспячэння прадметнага дыялогу ЕС павінен аказаць значную фінансавую і арганізацыйную падтрымку новаму дэмакратычнаму абранаму ўраду Беларусі. А ўжо сёння можна весці размовы аб адмене віз для простых беларусаў”.

Кавалькова заклікала Еўрасаюз „падрыхтаваць пакет дапамогі для дэмакратычнай Беларусі”. „Рэжым Лукашэнкі давёў эканоміку краіны да жудаснага стану, — сказала яна. — Новаму дэмакратычнаму ўраду спатрэбіцца міжнародная дапамога для таго, каб вывесці краіну з сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу. Цяпер неабходна настаяць на неадкладным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных. Усе выпадкі забойстваў і катаванняў мірных дэманстрантаў павінны быць старанна расследаваныя незалежнай камісіяй, у якую ўваходзяць прадстаўнікі беларускага грамадства і міжнародныя эксперты”.

Прадстаўнік Каардынацыйнай рады таксама заявіла пра неабходнасць увядзення кропкавых эканамічных санкцый у дачыненні да асоб, адказных за гвалт над мірнымі грамадзянамі, і „бізнесаў, якія фінансуюць прапаганду і рэпрэсіі”.

„Аляксандр Лукашэнка страціў уладу і не павінен разглядацца як кіраўнік дзяржавы або афіцыйны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне з 5 лістапада 2020 года. Усе падпісаныя дагаворы або заявы былога лідара павінны быць прызнаныя несапраўднымі”, — рэзюмавала Кавалькова.

belapan.by