Беларускім спартоўцам забароняць даваць каментары СМІ без дазволу



Беларускіх спартоўцаў просяць падпісаць дадатковыя пагадненні да кантрактаў, паводле якіх яны будуць абавязаны на памяць ведаць гімн Беларусі, змогуць выкарыстоўваць толькі дзяржаўную сімволіку падчас спаборніцтваў, а таксама не будуць мець права даваць каментары СМІ і рабіць любыя публікацыі без дазволу наймальніка. Адпаведны загад міністра спорту і турызму Беларусі Сяргея Кавальчука апублікаваў партал tut.by.

Менскае „Дынама” перайграла „Сібір”

Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Сібір” у хатнім матчы чэмпіянату КХЛ. Стартавы націск „Дынама” прынёс свой плён: на 15-й секундзе Роб Клінкхамер адправіў шайбу на пятак, і Брэндан Козун вывеў сваю каманду наперад. Прайшло зусім няшмат часу, як Шэйн Прынс падвоіў перавагу менчукоў. Да сігналу на перапынак лік не змяніўся. У другім перыядзе менчукі працягнулі дзейнічаць у выгадным для сябе ключы. Аднак першымі ў другой траціне паядынку вызначыліся сібіракі. На чацвёртай хвіліне менчукі былі пакараныя за затрымку матчу. Дзве хвіліны паехаў адбываць Аляксей Протас. „Сібір” скарысталася памылкай супернікаў практычна адразу – вызначыўся Яраслаў Хабараў. Дынамаўцы адразу адказалі майстэрскім выкананнем буліту аўтараства Шэйна Прынса У трэцім перыядзе каманды зноў абмяняліся закінутымі шайбамі. Спачатку Алег Лі скараціў розніцу ў ліку. Брэнан Менэл закінуў чацвёртую шайбу сваёй каманды. Фінскі легіянер новасібірскай каманды Юусо Пуусцінен зрабіў лік 4:3. На перадапошняй хвіліне матчу Роб Клінкхамер закінуў шайбу ў пакінутыя без нагляду брамку сібіракоў. Вярнуў інтрыгу ў матч Сцяпан Саннікаў, які закінуў за 24 секунды да фінальнай сірэны. Але на большае ў „Сібіры” проста не хапіла часу 5:4. „Дынама” святкавала чарговую перамогу ў асноўны час матчу. Пасля гульні з „Сібірру” беларускі клуб чакае чатырохматчавая выязная серыя, якая пачнецца 25 верасня сустрэчай у Екацярынбурзе з мясцовым „Аўтамабілістам”.

„Ягелонія” у гасцях абыграла „Пяст”

Матч паміж «Ягелоніяй» Беласток і «Пястам» Глівіцэ ў рамках 4-га тура польскай экстракласы завяршыўся перамогай „жоўта-чырвоных”. Футбалісты Богдана Заёнца выйгралі з лікам 1:0 – адзіны гол забіў Хесус Імаз, які на 58-й хвіліне прыгожым ударам з-за межаў штрафной засмуціў брамніка гасцей Францішка Плаху. Гэта другая перамога «Ягі» у экстракласе. Такім чынам пяціматчавая бязвыйгрышная серыя з «Пястам» перарваная. Акрамя таго, гэтая перамога дазволіла «Язе» ускочыць на п’едэстал гонару. У цяперашні час „Дума Падляшша” займае трэцяе месца ў табліцы, маючы восем ачкоў.

«Манчэстар Сіці» пачаў сезон з выязной перамогі ў матчы

У матчы 2-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Вулвэрхэмтан» прымаў «Манчэстар Сіці». Сустрэча завяршылася перамогай гасцей з лікам 3:1.

На 20-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў паўабаронца «Манчэстар Сіці» Кевін Дэ Бройнэ, які паспяхова рэалізаваў пенальці. Праз 12 хвілін хаўбек Філіп Фодэн падвоіў перавагу гасцей, забіўшы гол пасля перадачы нападніка Рахіма Стэрлінга. У другім тайме, на 78-й хвіліне, форвард «Вулверхэмптана» Рауль Хімэнэс скараціў адставанне гаспадароў. Трэці гол за «гараджанаў» у кампенсаваны час сустрэчы забіў форвард Габрыэль Жэзус. У матчы 1-га тура чэмпіянату Італіі «Мілан» абыграў «Балонню» з лікам 2:0. Дублем адзначыўся Златан Ібрагімавіч.

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прайграў у кваліфікацыі адкрытага чэмпіянату Францыі

На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” стартаваў кваліфікацыйны этап трэцяга ў гэтым сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Францыі. У першым раўндзе кваліфікацыі мужчынскага адзіночнага разраду беларус Ілля Івашка саступіў прадстаўніку Канады Стывену Дыясу – 1:6, 6:2, 4:6. Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 25 хвілін. Беларуская тэнісістка, 12-я ракетка планеты Арына Сабаленка паспяхова стартавала на турніры ў французскім Страсбургу з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У паядынку 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларуска абыграла аўстралійскую тэнісістку Элен Перэс, якая займае 239-е месца ў рэйтынгу WTA, – 6:4, 6:3. У 1/8 фіналу Арына сустрэнецца з расейкай Ганнай Блінковай, у якой 65-ае месца ў сусветным рэйтынгу.

Джокавіч выйграў рэкордны турнір серыі Masters

Новак Джокавіч ў 36-ы раз стаў пераможцам турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) серыі Masters у Рыме, абыграўшы ў фінале аргентынца Дыега Шварцмана. Перамогу 33-гадовы Новак Джокавіч cвяткаваў з лікам 7:5, 6:3. Серб стаў рэкардсменам па колькасці выйграных турніраў серыі Masters, апярэдзіўшы іспанца Рафаэля Надаля. Сербскі тэнісіст узначальвае рэйтынг АТР. На яго рахунку 17 перамог на турнірах серыі „Вялікага шлема” (гэта трэці вынік у гісторыі сярод мужчын).

Беларускае Радыё Рацыя