Вольга Кавалькова: Лукашэнка пераходзіць межы людскасці



Увесці кропкавыя санкцыі супраць тых, хто адказвае за фальсіфікацыі і гвалт, і адначасова прыняць пакет дапамогі для Беларусі — пад кантролем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Так сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова бачыць дапамогу Еўропы ў вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі. Заява прагучала ў Бруселі:

– Улады выдалілі мяне з краіны, але гэта нічога не мяняе. Я прашу за тых людзей, якія засталіся і працягваюць барацьбу ў нашай краіне. У першую чаргу дапамога неабходная менавіта ім. Мы просім вас прыгадаць умовы Будапешцкага мемарандума і патрабаваць дыялогу паміж беларускім грамадствам і былым прэзідэнтам пры пасярэдніцтве ЕЗ, ЗША і Расеі. У выпадку забеспячэння прадметнага дыялогу Еўрапейскі звяз павінен забяспечыць значную фінансавую і арганізацыйную падтрымку новаму дэмакратычна абранаму ўраду. 

Па словах Кавальковай, усе падпісаныя Лукашэнкам дамовы не павінны быць прызнаныя Еўразвязам законнымі. А таксама палітык лічыць, што Лукашэнка „уцягнуў Беларусь у вайсковы саюз з Расеяй” і пры гэтым палохае расейскае кіраўніцтва агрэсіяй Захаду. Яна выказала меркаванне, што ў Крамлі ўжо стаміліся ад Лукашэнкі і падштурхоўваюць яго да канстытуцыйнай рэформы. Аднак, па яе словах, беларускі народ не прыме такую рэформу, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.

Беларускае Радыё Рацыя