ЕАБР прагназуе падзенне ВУП Беларусі на 2,3%
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) чакае ў 2020 годзе зніжэння ВУП Беларусі на 2,3% з аднаўленнем у наступныя два гады. Пра гэта гаворыцца ў макраэканамічным аглядзе па Беларусі, падрыхтаваным дырэкцыяй па аналітычнай працы ЕАБР.
У аглядзе адзначаецца, што беларуская эканоміка ў першай палове 2020 года адчула некалькі шокавых падзей. У пачатку года цяжкасці з імпартам нафты і адсутнасць кантракта на пастаўку калійных угнаенняў у Кітай з-за высокіх запасаў сыравіны прывялі да істотнага падзення вытворчасці ў нафтаперапрацоўчай і хімічнай галінах, якое адбілася і на дынаміцы сумежных сектараў. У II квартале гэтага года на эканоміку паўплывала пандэмія каранавіруснай інфекцыі COVID-19, што прывяло да скарачэння ВУП у красавіку—чэрвені на 3,1% да паказчыка такога ж леташняга перыяду.
Згодна з базавым сцэнаром прагнозу ЕАБР, змякчэнне абмежаванняў у краінах — гандлёвых партнёрах і паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі ўнутры дзяржавы фарміруюць умовы для паступовага аднаўлення дзелавой актыўнасці ў Беларусі. Разам з тым з-за захавання стрыманага знешняга попыту, пагаршэння фінансавага стану прадпрыемстваў, высокай затаваранасці складоў і абмежаваных фіскальных рэзерваў гэты працэс будзе доўгім. У такіх умовах верагодна захаванне паніжанай спажывецкай і інвестыцыйнай актыўнасці ў другой палове года, а скарачэнне ВУП па яго выніках складзе 2,3%. Вяртанне да дакрызіснага ўзроўню вытворчасці чакаецца на працягу 2021—2022 гадоў.
У аглядзе адзначаецца ўзмацненне ў жніўні націску на нацыянальную валюту з-за павышэння дэвальвацыйных чаканняў. Гэты фактар нараўне з узрослымі геапалітычнымі рызыкамі і сезонным пагаршэннем стану знешняга гандлю будзе спрыяць захаванню курсу беларускага рубля да долара ЗША паблізу цяперашніх значэнняў. Яго карэкцыя да раўнаважкага ўзроўню пры ўмове стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным фінансавым рынку, узяцця пандэміі пад кантроль і нармалізацыі геапалітычнага становішча адбудзецца, згодна з прагнозам ЕАБР, на працягу 2021—2022 гадоў.
Аналітыкі адзначаюць паскарэнне інфляцыі ў першай палове года пераважна пад уплывам зніжэння кошту нацыянальнай валюты, а таксама магчымых транспартна-лагістычных цяжкасцяў ва ўмовах пандэміі. Як адзначыў галоўны спецыяліст аддзела эканамічнага аналізу ЕАБР Анатоль Харытончык, перанос аслаблення беларускага рубля на цэны тавараў і паслуг працягне рэалізоўвацца ў найбліжэйшыя месяцы, што, згодна з прагнозам ЕАБР, прывядзе да павышэння інфляцыі да 5,9% па выніках года, а абмежаванню маштабу гэтага працэсу паспрыяе стрыманы ўнутраны попыт. У 2021—2022 гадах пры ўмове нармалізацыі курсавой дынамікі рост паказчыка можа запаволіцца.
Ва ўмовах паскарэння інфляцыі прагноз ЕАБР прадугледжвае захаванне ў Беларусі стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 7,75% да канца гэтага года. „Патэнцыял для зніжэння стаўкі ў сярэднетэрміновай перспектыве застаецца, аднак магчымасць яго рэалізацыі залежыць ад хуткасці нармалізацыі сітуацыі на ўнутраным фінансавым рынку і геапалітычнага становішча”, — мяркуюць аналітыкі.
Рызыкі для прагнозу ў аглядзе ЕАБР ацэньваюцца павышанымі і зрушанымі ў бок яго пагаршэння з-за няўстойлівасці аднаўлення эканамічнай актыўнасці на фоне захавання пагрозы маштабнай другой хвалі пандэміі, абвастрэння амерыкана-кітайскіх адносін, узмацнення санкцыйнай рыторыкі. Акрамя таго, маштаб уплыву падзей жніўня—верасня на інвестыцыйны клімат у краіне застаецца няпэўным, адзначаюць спецыялісты банка.
Як паведамлялася, беларускі ВУП у студзені—жніўні знізіўся на 1,3%. Урад чакае, што ў гэтым годзе ўдасца пазбегнуць зніжэння ВУП, а ў 2021-м мае намер забяспечыць яго рост на 3,5%, заявіў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка 21 ліпеня на пасяджэнні прэзідыума Саўміна.
Аптымізм беларускага ўрада не падзяляюць міжнародныя фінансавыя інстытуты. Спад, які чакае нацыянальную эканоміку ў 2020 годзе, будзе самым вялікім за апошнія 25 гадоў, лічыць Сусветны банк. Яго эксперты прагназуюць, што ВУП краіны знізіцца на 4% у параўнанні з мінулым годам.
Аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва S&P Global Ratings (Standard & Poor`s) прагназуюць, што ў гэтым годзе ВУП Беларусі можа знізіцца на 5%.
Эксперты Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC мяркуюць, што па выніках года валавы ўнутраны прадукт Беларусі скароціцца на 3—3,5%.