Суд пакідае Марыю Калеснікаву пад вартай



Суд пакідае Марыю Калеснікаву пад вартай – ціск на палітыка працягваецца. Менскі гарадскі суд учора адмовіў змяніць меру стрымання сябру Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай. Яна надалей застанецца ў СІЗА. Марыю Калеснікаву арыштавалі ў межах крымінальнай справы аб публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч.3 арт.361 КК), распачатай Генеральнай пракуратурай.

У дачыненні Марыі Калеснікавай з санкцыі пракурора абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. І гэта мера не выглядае адэкватнай, заўважае юрыст Павел Сапелка з праваабарончага цэнтру „Вясна”:

– Падчас справядлівага судовага разбіральніцтва, як раз такі той факт, што яна не пакінула межы Беларусі, калі яе папярэдзілі пра тое, што яе чакае крымінальны пераслед, як раз такі гэтыя абставіны павінны былі быць на карысць таго, каб абраць меру не звязаную з заключэннем, то бок відавочна, што чалавек намераны стаць перад судом і даказваць сваю невінаватасць.

Прыгадаем, што 7 верасня спецслужбы выкралі Марыю Калеснікаву і планавалі прымусова яе вывезці за мяжу. Аднак аперацыя спецслужбаў правалілася: у нейтральнай зоне на мяжы яна парвала свой пашпарт, выскачыла з аўта і вярнулася на беларускую тэрыторыю.

Беларускае Радыё Рацыя