У Берліне штотыдзень праходзяць акцыі салідарнасці з беларусамі



Міжнародная салідарнасць працуе, так кажа беларуская спявачка, вакалістка гурта KRIWI Вераніка Круглова, якая жыве ў нямецкай сталіцы. У Берліне штотыдзень праходзяць акцыі салідарнасці з беларусамі і яны вельмі крэатыўныя. Тут спяваюць песні, расказваюць гісторыі ды ладзяць перформансы.

Усё для таго, каб звярнуць увагу еўрапейскай грамадскасці на беларускае пытанне, кажа Вераніка Круглова:

– У нас ужо такія прафесійныя перформансы. У нас, можна сказаць, крутыя пратэсты, акцыі. На Патсдамэрпляц, ля Брандэнбургскіх варот – на такіх крутых пляцоўках. Тэлебачанне здымае, нас ужо ўсе ведаюць. У царкве моляцца кожны аўторак за Беларусь. Усе, хто ёсць, мы ўсе разам. І вельмі  шмат маладых.

Ідэі беларусаў Берліна доўга можна пералічваць, дадае Вераніка Круглова. Напрыклад, наступная акцыя, якую зараз плануюць: паляцець на паветраным шары над Берлінам, разгарнуўшы вялікія бел-чырвона-белыя сцягі пад вядомую і культавую песню N.R.M. «Паветраны шар».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: сацыяльныя сеткі