Крым: год акупацыі



23 лютага 2014 года так званыя “зялёныя чалавечкі” – расейскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў, выйшлі на вуліцы Севастопаля, а 27 лютага была захопленая Вярхоўная Рада Крыму, і частка дэпутатаў пад аховай расейцаў прыняла рашэнне пра “адлучэнне ад Украіны і правядзенне рэферэндуму аб лёсе Крыму”.

Гэтыя падзеі прывялі да таго, што мы заснавалі суполку Крым SOS, кажа адзін з каардынатараў Таміла Ташава:

– Мы спачатку разгубіліся , таму што не разумелі, што адбываецца. З іншага боку, мы разумелі, што мусім распавесці пра тое, што тут адбываецца насамрэч, людзям як ва Украінае, так і за яе межамі. Такім чынам і стварылася ініцыятыва Крым SOS, калі аб’ядналіся трое сяброў-крымчан, і вырашылі інфармаваць грамадства пра падзеі ў Крыме.

Цягам года суполка Крым SOS акрамя распаўсюду інфармацыі, займаецца таксама і пытаннем падтрымкі перасяленцаў з Крыму.

* * *

За час расейскай акупацыі Крыму былі пачатыя судовыя справы супраць больш як 130 крымскіх татар. Такія дадзеныя падае Меджліс крымскіх татар – прадстаўнічы орган карэннага народу Крыму. Такія адносіны звязаныя перадусім з тым, што крымскія татары актыўна выступілі супраць акупацыі паўвострава Расеяй. І абяцанні расейцаў для гэтага народу засталіся абяцаннямі, расказвае Таміла Ташава:

– Тое, што Расея абяцала зрабіць крымскататарскую мову дзяржаўнай, даць крымскім татарам правы, якія раней не давала Украіна, не выконваецца. Супраць крымскіх татар пачатыя рэпрэсіі, у офісах грамадскіх арганізацый праводзяцца вобшукі.

Расея забараніла ўезд на тэрыторыю Крыму лідарам крымскіх татар Мустафе Джамілеву і Рэфату Чубараву. Акрамя таго, вядуцца крымінальныя справы па факце быццам бы масавых беспарадкаў у Сімферопалі 26 лютага 2014 года падчас мітынгу крымскіх татар. Па справе затрыманы намеснік кіраўніка Мэджлісу Ахмет Чыйгоз.

Закон аб правах карэнных народаў Крыму мае быць прадстаўлены ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Тэкст закону падрыхтаваны да гадавіны акупацыі Крыму расейскімі войскамі і будзе рэгуляваць адносіны ўкраінскай дзяржавы з крымскімі татарамі.

За апошні год адбыліся вялікія зрухі ў адносінах да крымскіх татар з боку Украіны, якая за больш як 20 гадоў незалежнасці амаль нічога не рабіла для аднаўлення правоў выселенага Сталіным народа, кажа грамадская актывістка Таміла Ташава:

– Ёсць змены, звязаныя з тым, што пры прэзідэнце Украіны створаны орган з упаўнаважаным па справах крымскататарскага народа, якіям з’яўляецца Мустафа Джамілеў. Гэта пазітыўны момант. Але ёсць і шмат негатыўных момантаў.

Вярхоўная Рада Украіны летась абвесціла Крым і Севастопаль часова акупаванымі Расеяй тэрыторыямі. У лістападзе ўкраінскі ўрад прыняў пастанову, якая спыняла фінансавыя сувязі Кіева з Крымам. У выніку чаго без сацыяльных выплат засталіся і некаторыя уцекачы з Крыму.

* * *

Дваццаць тысяч уцекачоў з Крыму знаходзяцца зараз на тэрыторыі Украіны. Такія дадзеныя падае міграцыйная служба. Неафіцыйная лічба можа сягаць нават 50 тысяч чалавек, адзначыла ў эфіры нашага радыё каардынатар суполкі Крым SОS. За год Україна перажыла некалькі хваляў уцекачоў з Крыму, якія пачалі выязджаць з паўвострава адразу пасля акупацыі яго Расеяй, кажа Таміла Ташава:

– У сакавіку была першая хваля бежанцаў, наступная – ў траўні, калі дзеці скончылі навучанне ў школах. Было шмат бежанцаў і ў канцы жніўня, калі ехалі студэнты і бацькі са сваімі дзецьмі перад новым навучальным годам. Былі і іншыя хвалі, звязаныя з рэпрэсіямі супраць крымчан.

Большасць перасяленцаў з Крыму складаюць мясцовыя актывісты і крымскія татары. У самім Крыме цягам году адбываецца пераслед украінскіх і крымскататарскіх актывістаў. Цяпер у расейскіх турмах знаходзяцца каля 30 крымскіх актывістаў, сярод якіх і ўкраінскі рэжысёр Алег Сенцоў, якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы збройнага супраціву.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters