Да Гарадзенскага драмтэатра прыехаў АМАП



Спектакль «Беларуская камедыя», які павінен быў пачацца ў гарадзенскім драматычным тэатры ў 19:00, адменены . На сустрэчу з артыстамі прыехаў новы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік. У тэатар прыйшла начальніца ўпраўлення культуры аблвыканкаму Алена Клімовіч.

Да драмтэатру пад’ехалі міліцэйскія мікрааўтобусы, а таксама таніраваныя мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў. Прыехалі сілавікі, у тым ліку начальнік Гарадзенскага АМАП Віктар Краўцэвіч.

20 верасня ў Гародні падчас акцыі пратэсту затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку разам з жонкай, артысткай Валянцінай Харытонавай. Калегі, калі даведаліся пра гэта, ад эмоцый не змаглі дайграць спектакль.

Дырэктар Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру Ігар Гедзіч выклікаў да сябе актораў, задзейнічаных у спектаклі, і сказаў пісаць тлумачальную запіску, ці яны былі ініцыятарамі зрыву спектакля, ці закладнікамі сітуацыі. Прыгразіў, што звольніць тых, хто не напіша.

Артыстку Елізавету Мілінцэвіч, якая ўдзельнічала ў нядзельным спектаклі, звольнілі пасля адмовы пісаць дырэктару тлумачэнне.

Каля 19.20 Уладзімір Каранік выйшаў з сустрэчы з артыстамі. Гарадзенцы, якія прыйшлі падтрымаць тэатралаў, праводзілі яго са словамі «Рукі прэч ад нашых артыстаў».

Стала вядома, што днямі з гарадзенскага драматычнага тэатра звольнілася мастачка-пастаноўшчыца Вольга Шчарбінская.

svaboda.org

Фота: grodno.in