У Гомелі затрыманы сын палітзняволенай Таццяны Канеўскай



У Гомелі 22 верасня затрыманы Аляксандр Канеўскі — сын Таццяны Канеўскай, якую праваабаронцы лічаць палітзняволенай.

З самага ранку ён ехаў з бацькам на працу, іх падрэзаў чырвоны мікрааўтобус. „Сашу затрымалі супрацоўнікі АМАП у балаклавах і павезлі ў ІЧУ”, — паведаміў БелаПАН Мікалай Канеўскі, бацька Аляксандра.

Днём у доме Канеўскіх прайшоў вобшук. Паводле слоў бацькі, шукалі наркотыкі. „Не знайшлі, вядома, але забралі вінчэстар”, — сказаў ён. Ад сілавікоў Канеўскі-старэйшы даведаўся, што сына падазраюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, які нібыта быў здзейснены 9 жніўня.

Таццяна Канеўская на апошніх выбарах была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Пасля выбараў Канеўскую абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Цяпер яна ў сталічным СІЗА, як і іншыя давераныя асобы кандыдата. У Канеўскай чацвёра дзяцей, малодшаму 13 гадоў.