Вершы Эдуарда Акуліна выйшлі па-беларуску і па-сербску



Выйшла з друку новая кніга вершаў „Плашчаніца” менскага паэта і барда Эдуарда Акуліна. Гэта ўнікальны міжнародны культурніцкі праект, заснавальнікам якога з’яўляецца вядомы сербскі літаратар і мастак Мікола Шындзік.

Паводле праекта, у Бялградзе ў 2016 годзе адбылася вялікая літаратурна-мастацкая выстава. Сімвалічна, што кніга выйшла менавіта цяпер – у плашчанічна-навальнічны для лёсу Беларусі час… “Велізарная падзяка беларускаму выдаўцу кнігі Уладзіміру Сіўчыкаву. Асобная падзяка таксама мастаку-дызайнеру вокладкі Аўгінні Багдановіч”, – сказаў Эдуард Акулін.

А вось як аб праекце выказаўся ягоны аўтар Мікола Шындзік: „Літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Плашчаніца” – вынік творчага сумоўя Эдуарда Акуліна, паэта з Беларусі, і дванаццаці сербскіх мастакоў. Прачытанне мастакамі гэтых “густых” вершаў (у перакладзе Міадрага Сібіновіча) увасобілася ў праект зборніка, дзе распавядаецца дванаццаць аўтэнтычных, насычаных візуальна аповесцяў, своеасаблівых “выяўленчых фільмаў”, і ўсе яны, насуперак адрознаму паэтычнаму і жанраваму ўвасабленню, яднаюцца ў складаную архітэктоніку выставы вершамі з цыкла Эдуарда Акуліна “Плашчаніца”. У зборніку змешчана па адной працы кожнага аўтара, “выяўленчай песні”, на якую натхніў адзін з вершаў “Плашчаніцы”, і гэта стварае кампазіцыю ўсёй выставы, жывы шкілет спектакля, дзе словы глядзяць на вас, а карціны гавораць…”.

Кніга складаецца з дванаццаць вершаў з цыклу „Плашчаніца”, перакладзеных на сербскую мову. Верш па-беларуску і верш у перакладзе на сербскую мову. А 12 сербскіх мастакоў намалявалі да кожнага верша свае карціны… Атрымалася своеасаблівая арыгінальная кніга беларускага паэта.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя