Віктар Карняенка: Загаворваюць зубы пра змены ў Канстытуцыі



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка распавёў пра тое, чаму ўлады ўсё часцей кажуць пра рэфармаванне Канстытуцыі.

Віктар Карняенка: Усе гэтыя размовы пра змены ў Канстытуцыі – спроба збіць пратэстную хвалю. Народ не хоча ўладам дараваць ашуканства, а таму і ўзняўся. Рэжыму неабходна пагасіць пратэсты любым чынам, таму і загаворваюць зубы казкамі пра змены Канстытуцыі, рэформы і датэрміновыя прэзідэнцкія выбары.

Пратэсты пакуль не спыніліся і зараз ёсць некалькі задач, якіх трэба дамагацца. Першая – спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў.

Другая – адмена вынікаў выбараў. Нават афіцыйная сацыялогія паказвала, які ў Лукашэнкі быў рэйтынг у красавіку ў Менску – каля 20 адсоткаў, таму можна меркаваць, што ён прайграў Святлане Ціханоўскай ужо ў першым туры.

Але нават, калі не прайграў, то няхай бы зараз правялі другі тур – з удзелам Ціханоўскай і Лукашэнкі. І адразу ўсё стане на свае месцы. Зразумела, што ўлады на гэта не пойдуць, таму і працягваюць хлусіць пра перамогу ў 80 адсоткаў.

РР: У які бок могуць рэфармаваць Канстытуцыю?

Віктар Карняенка: Гэта зараз не так актуальна. Канстытуцыя, безумоўна, у нас недасканалая, але спачатку трэба вярнуцца ў тую кропку, дзе спатыкнуліся – да Канстытуцыі 1994 года. Трэба абраць новы парламент, які і павінен займацца новай Канстытуцыяй.

Увогуле, пачынаючы з 1996 году, я назаву два асноўныя парушэнні Асноўнага закона. Першае – рэферэндум быў прызначаны кансультацыйным, а зрабілі абавязковым. Другі момант – у парушэнне Канстытуцыя знялі з пасады кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, а прызначылі Ярмошыну

Таму трэба вярнуцца да той Канстытуцыі і не прыдумляць казкі пра тое, што беларусы ў 90-я гады хадзілі ў лапцях, а адзін чалавек іх выратаваў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя