Што будзе з беларускай эканомікай пасля выбараў?
Эканаміст і экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка прагназуе для айчыннай эканомікі і беларусаў складаныя часы.
Віктар Цярэшчанка: Адно можна сказаць дакладна – беларускую эканоміку чакаюць складаныя часы. У нас будзе шмат нерэалізаванай прадукцыі, будзе і падзенне самой вытворчасці.
Прагназую таксама зніжэння рэальных даходаў насельніцтва на 12-13 адсоткаў, і гэта дастаткова вялікі паказчык. Але самае галоўнае – дэбітовае і крэдытовае сальда прадпрыемстваў, даўгі якіх складаюць больш за 80 мільярдаў рублёў. Дык вось гэтая лічба значна вырасце, і гэта вельмі дрэнны паказчык, які адаб’ецца ў цэлым на дабрабыце краіны.
РР: Эканамічны крызіс затым могуць спісаць на тых, хто сёння пратэстуе. Маўляў, гэта ўсё з-за іх…
Віктар Цярэшчанка: Пратэсты паўплываюць на эканоміку на 2-3 адсоткі – не больш. Усе няшчасці беларускай эканомікі ад няправільнага гаспадарання, слабай мадэрнізацыі вытворчасці і гэтак далей. Па сутнасці, маркетынгам у краіне ніхто і не займаўся, а таму страты растуць з года ў год. Да таго ж, зараз яшчэ і з Захадам перасварыліся.
РР: Якое выйсце для ўладаў у такой сітуацыі?
Віктар Цярэшчанка: Нейкія грошы будзе даваць Расея, але гэтага будзе, безумоўна, недастаткова.
РР: За некалькі месяцаў да выбараў Лукашэнка паабяцаў, што ў бліжэйшыя пяць гадоў сярэдні заробак беларусаў вырасце ў два разы….
Віктар Цярэшчанка: Як можа вырасці заробак, калі будзе рэальнае падзенне даходаў насельніцтва? Гэта ўжо адчуваецца. Паглядзіце, колькі чалавек мог на сваю пенсію купіць хаця б год таму, і колькі зараз. Таму пенсіянеру можа і дадалі крыху да пенсіі, але здольнасць беларускага рубля падае. Пры гэтым адбылася нязначная дэвальвацыя.
А што тычыцца абяцанняў па заробках і рэальнасці, то давайце ўспомнім, што перад выбарамі 2010 году той жа Лукашэнка абяцаў, што да 2015 года сярэдні заробак будзе на ўзроўні тысячы даляраў у месяц. Але ўсё аказалася пустымі словамі. Тое самае будзе і зараз.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя