Павел Латушка: Лукашэнка больш не з’яўляецца кіраўніком Беларусі
Гэта чарговае сведчанне нелегітымнасці Аляксандра Лукашэнкі. Так пра яго таемную інаўгурацыю выказаўся ў нашым эфіры сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, былы міністр, дыпламат і гендырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка.
Паводле яго, Лукашэнка – нелегітымны кіраўнік дзяржавы і ён гэта чарговы раз толькі пацвердзіў:
– Сапраўды, гэта патаемная інаўгурацыя. Яна не перадавалася публічнасці да моманту яе здзяйснення. І гэта яшчэ раз сведчанне нелегітымнасці яе правядзення і нелегітымнасці інаўгуравання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта краіны. Калі асоба, прэзідэнт мае падтрымку больш за 80% грамадзянаў краіны, ён робіць гэта публічна, у жывым эфіры, калі людзі вітаюць яго на вуліцах сталіцы і радуюцца гэтаму факту. Давайце паглядзім на твары чыноўнікаў, на той мундыр маршальскі, які быў на Лукашэнку ў гэты дзень, – гэта ўсё выглядае сапраўдным фарсам, спектаклем вельмі дрэннага густу. На жаль, драма развіваецца. Але ёсць і добрая навіна – з сённяшняга дня больш Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца кіраўніком Беларусі.
РР: Чаму? Бо не прызнае Захад?
Павел Латушка: Яго не прызнае большасць беларускага грамадства. І мы будзем падтрымліваць усе мірныя акцыі, маніфестацыі грамадзянаў нашай краіны, непадпарадкаванне Лукашэнку, яго ўлдазе. Мы будзем заклікаць следчых, пракурораў узбуджаць крымінальныя справы па фактах здзейсненых злачынстваў, праводзіць расследаванні. Калі на іх будуць ціснуць кіраўніцтва СК, пракуратура, падаваць у адстаўку. Мы будзем заклікаць усіх дзяржаўных чыноўнікаў не падпарадкоўвацца выкананню яго загадаў. Таксама мы будзем заклікаць спартоўцаў, дзеячаў культуры адмаўляцца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах. Гэта ўсё ў рамках Канстытуцыі, дзеючага заканадаўства. Міжнародная супольнасць край за краем не прызнае легітымнасць Лукашэнкі, і гэта стварае беспрэцэдэнтную сітуацыю ў сусветнай гісторыі, калі ў цэнтры Еўропы краіна не будзе мець свайго кіраўніка.
Беларускія тэлаграм-каналы заклікалі беларусаў сёння выйсці на вуліцы, акцыі салідарнасці адбудуцца ў 18 гадзін таксама ў Беластоку і Варшаве.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя