Друкаваўся ў „Маланцы” і „Шляху моладзі”



Да 110-годдзя беларускага паэта, грамадскага дзеяча і мемуарыста Юльяна Сергіевіча.

Юльян Сергіевіч (1910 –1976) нарадзіўся ў вёсцы Юраўшчына Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў беларускай і польскай пачатковай школе, а далей займаўся самаадукацыяй. Працаваў на сельскай гаспадарцы, служыў у войску. Актыўны ўдзельнік беларускага-нацыянальнага вызваленчага руху. Належаў да Таварыства беларускай школы. У 1939 годзе быў мабілізаваны ў польскае войска. Патрапіў у нямецкі палон. Знаходзіўся ў розных лагерах для ваеннапалонных, працаваў у нямецкага баўэра. З 1940 года жыў у Берліне, дзе ўваходзіў у Беларускі камітэт самапомачы, друкаваўся на старонках газеты “Раніца”.

У 1943 годзе Юльян Сергіевіч вярнуўся ў Беларусь. Працаваў настаўнікам пачатковай школы на Маладзечаншчыне. Быў рэпрэсаваны, пакаранне адбываў у Сібіры і Казахстане. У канцы 1950-х гадоў вярнуўся на Радзіму. Працаваў у калгасе імя Леніна на Маладзечаншчыне, жыў у вёсцы Ленкаўшчына, дзе памёр і пахаваны.

Юльян Сергіевіч пачаў друкавацца ў 1922 годзе. Свае творы змяшчаў у калектыўным зборніку заходнебеларускіх пісьменнікаў “Рунь веснаходу” (Вільня, 1928), у часопісах “Маланка”, “Шлях моладзі” ды іншых.

Летась літаратуразнавец і руплівец на ніве роднай культуры з Маладэчна Міхась Казлоўскі падрыхтаваў і выдаў асобнай кнігай творы Юльяна Сергіевіча “За волю родных хат”.

Беларускае Радыё Рацыя