Жыхарку Віцебска аштрафавалі за ўдзел у шэсці пад швейцарскім сцягам



Паводле міліцэйскага пратакола, 6 верасня моладзевая актывістка Станіслава Цярэнцьева ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – ішла ў калоне грамадзянаў, трымала бел-чырвона-белы сцяг і крычала лозунгі „Жыве Беларусь!”, „Лукашэнка, сыходзь!”.

У судзе дзяўчына не адмаўляла свайго ўдзелу ў мірным шэсці, але тлумачыла, што сцяг у яе быў іншы:

– Я некалькі разоў была ў Швейцарыі, у нас там сваякі, знаёмыя, якія нас падтрымліваюць. І ў нас ёсць швейцарскі сцяг. І я вырашыла, што раз бел-чырвона-белы сцяг – гэта нейкі знак, каб нас хапаць і біць, то я выйду з тым сцягам, які не забаронены. Каб прадэманстраваць салідарнасць іншых краін, і нашых асабістых знаёмых, у тым, што мы супраць гвалту ў нашай краіне.

Дзяўчына лічыць, што міліцыянты ці то памыліліся з колерамі, бо сцяг Швейцарыі – гэта белы крыж на чырвоным полі, ці то ўвогуле не сталі разбірацца, што трымала актывістка, напісаўшы стандартны пратакол. Суддзя райсуду Кастрычніцкага раёна Ілля Белавус таксама не паглыбляўся ў падрабязнасці і аштрафаваў Станіславу Цярэнцьеву на 12 базавых велічынь (324 рублі), прызнаўшы яе вінаватай у парушэнні артыкула 23.34 КаАП.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск