Чаму апошнія дні сілавікі пачалі дзейнічаць больш жорстка?



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў, з чым звязаны больш жорсткія дзеянні з боку сілавых структур.

Адразу пасля выбараў сілавікі неверагодна жорстка збівалі і катавалі людзей, але затым пэўны час дзейнічалі не так брутальна. У апошнія дні сітуацыя ізноў пачала змяняцца.

Валянцін Стэфановіч: Яшчэ не так даўно “жаночыя маршы” праходзілі адносна свабодна, але апошнія дні бачым, што жорстка затрымліваюць і жанчын, гэтак жа дзейнічаюць у дачыненні да дэманстрантаў. Каб перашкодзіць ім збірацца ў калону, збіваюць і затрымліваюць. І гэта звычайна робяць таварышы, якія, шчыра кажучы, аддалена нагадваюць міліцыянераў. 23 верасня сітуацыя практычна вярнулася ў паслявыбарчы час, бо сілавікі выкарыстоўвалі і вадамёты, і светлашумавыя гранаты. Учора былі і раненыя ад дзеянняў сілавікоў.

РР: Ці доўга працягнецца такое супрацьстаянне?

Валянцін Стэфановіч: Гэта будзе залежыць ад актыўнасці грамадства. Калі на вуліцу, як і раней, будзе выходзіць шмат людзей, то рэжыму давядзецца складаней, бо сотні тысяч не арыштуеш. Пабачым, што будзе адбывацца ў Менску ў гэтыя выходныя.

РР: З чым звязаны больш жорсткія дзеянні сілавікоў?

Валянцін Стэфановіч: Адзіны адказ уладаў на тое, што адбываецца – гэта рэпрэсіі, рэпрэсіі і яшчэ раз рэпрэсіі. Больш ніякіх дзеянняў яны не прадугледжваюць. Ніякіх дыялогаў ці пошуку нейкіх кампрамісаў і шляхоў выхаду з відавочнага палітычнага крызісу. А ён відавочны ў кантэксце інаўгурацыі і заяваў кіраўнікоў шэрагу заходніх краін аб непрызнанні Лукашэнкі легітымным прэзідэнтам.

Гэта відавочны крызіс легітымнасці. Але ўлады імкнуцца праз ціск і рэпрэсіі загнаць грамадства ў ранейшы прыгнечаны стан. Гэта цяжка зрабіць, таму што грамадства ўжо вельмі моцна змянілася. Яно ўжо іншае. Ёсць крызіс легітымнасці ў вачах часткі грамадства, а гэта значна больш сур’ёзна, чым крызіс у вачах заходніх палітычных лідараў.

Дарэчы, сённяшні рэжым робіць усё, каб павялічыць пратэстную базу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя